Топ-5: навіны 11 траўня
“Уначы да мінус 5 увесь тыдзень”. Ці застанемся без чарэшняў ды клубніц?
Сіноптыкі абяцаюць, што анамальна халоднае надвор’е ў нашай краіне павольна адступіць. Ужо 12 траўня ўдзень у Беларусі чакаецца да 15 градусаў цяпла, а на выхадныя ў Беларусі будзе да +20.
Аднак вельмі халоднае веснавое надвор’е можа сур’ёзна адбіцца на сёлетнім ураджаі садавіны-гародніны.
Аляксандр Лукашэнка патлумачыў сваю рэзкую рэакцыю на так званыя "харчовыя войны" з Расіяй. Гэта адбылося на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым.
Па словах Лукашэнкі, справа не ў эмоцыях, а ў тым, што Беларусі гэты канфлікт вельмі дорага каштаваў.
На яго думку, калі Расіі не патрэбныя пэўныя аб'ёмы беларускай прадукцыі, то пра гэта трэба сказаць, і тады яе перанакіруюць на рынкі іншых краін і рэгіёнаў.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу на былога намесніка старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандра Шаўлюгу. Яго вінавацяць у непраўдзівым паведамленні пра небяспеку.
Раней мужчына адказваў за ідэалагічную работу, працу з моладдзю і СМІ. Паведамляецца, што напрыканцы красавіка ён патэлефанаваў у міліцыю і заявіў, што будынак мясцовага КДБ і міліцыі замініраваны.
Пры гэтым ніякіх бомбаў у будынках не знайшлі, але праца міліцыі і КДБ была часова паралізаваная. Цяпер "тэлефоннаму мінёру" пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Графік адключэння гарачай вады ў Мінску перанеслі на 15 траўня. Гэта звязана з незвычайна халодным надвор’ем, якое апанавала беларускую сталіцу ў траўні.
Пры гэтым у Мінгарвыканкаме сцвярджаюць, што графік могуць перагледзець яшчэ раз.
Футбалісты зборнай Беларусі падтрымалі Naviband. У чацвер гурт выступае ў другім паўфінале на “Еўрабачанні” ў Кіеве з беларускамоўнай кампазіцыяй “Гісторыя майго жыцця”.
Беларуская федэрацыя футбола апублікавала на сваім сайце здымкі футбалістаў, якія трымаюць аркушы паперы з надпісам “Наперад Navi”.