Топ-5: навіны 19 красавіка
За тыдзень да крадзяжу з будынка ГУБАЗіК такую ж суму канфіскавалі ў турфірмы
Следчы камітэт і Міністэрства ўнутраных не каментуюць інфармацыю аб крадзяжы амаль 270 тысяч долараў з міліцэйскага сейфа. У абодвух ведамствах адмаўляюцца паведаміць нават пра тое, праўда гэта альбо не.
Тым часам, журналісты Еўрарадыё высветлілі, адкуль у будынку Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй апынулася такая сума і хто з працаўнікоў гэтага ведамства не выходзіць на сувязь пасля верагоднага крадзяжу.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за тое, каб у пятніцу, 21 красавіка, правесці сумеснае пасяджэнне ніжняй і верхняй палат Нацыянальнага сходу.
У прэс-службе кіраўніка краіны журналістам Еўрарадыё пацвердзілі, што на гэты дзень запланаваны выступ Аляксандра Лукашэнкі са штогадовым пасланнем да парламента і народа.
Традыцыйна акрамя дэпутатаў пры гэтым прысутнічаюць вышэйшыя службовыя асобы, чальцы ўрада, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, дыпламаты і журналісты.
Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” падалі заяўку ў Мінгарвыканкам з прапановай правесці акцыю 26 красавіка ў 18-00. Яны сцвярджаюць, што многія патэнцыйныя ўдзельнікі шэсця не змогуць далучыцца да мерапрыемства ў 14-00. Менавіта ў гэты час чыноўнікі першапачаткова дазволілі правесці акцыю.
Да праваабаронцаў "Вясны" звярнуўся мінчук Павел Кірлік. Па словах маладога чалавека, яго двое сутак збівалі і катавалі ў аддзеле міліцыі Маскоўскага раёна Мінска.
Кірлік працуе майстрам па татуіроўцы і перманентным макіяжы ў адным з мінскіх салонаў. Днём 12 красавіка да яго на працу прыйшлі два супрацоўнікі ў у цывільным і прапанавалі праехаць у аддзяленне. Прычын затрымання Паўлу не паведамілі.
Надпіс “Хто дазволіў усім астатнім самім сабе дазваляць”, які з’явіўся на так званай “сцяне Шчоткінай” на мінулых выхадных, замалявалі толькі ў сераду 19 красавіка.
Гэта абсалютны рэкорд для сацыяльных графіці на бетонным плоце ў раёне будынка па вуліцы Карла Маркса, 11 у Мінску. Невядомыя нават паспелі пераўтварыць графіці ў дошку аб’яваў, прапанаваўшы пакупку любых манет, грашовыя крэдыты і прыём золата.
Слухаць цалкам: