“Трэба выбіраць нейкі бок” — да стачкі далучылася настаўніца з Салігорска
“Мяне падтрымлівала не дзейная ўлада, а стачкам “Беларуськалія” і тыя людзі, якіх называюць змагарамі. Я вельмі ўдзячна і хачу быць адной з іх, каб аднойчы таксама дапамагчы таму, каму трэба”, — вось што расказвае Еўрарадыё цяпер ужо былая настаўніца гісторыі школы №5 у Салігорску Іна Прылуцкая.
23 жніўня жанчына раптоўна далучылася да агульнарэспубліканскай стачкі. Сваё рашэнне яна абгрунтоўвае “нарастаючым ціскам з боку беларускіх уладаў” на яе і яе мужа Андрэя. Яна патрабуе вызваліць усіх палітзняволеных, правесці новыя сумленныя выбары, прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у злачынствах супраць народа Беларусі.
Еўрарадыё пазнаёмілася з Інай Прылуцкай, якая расказала сумную гісторыю сваёй сям’і і растлумачыла, чаму беларусы абавязкова перамогуць, калі не апусцяць рукі.
Іна Прылуцкая: Я — звычайны чалавек. З 2003 года, пасля выпуску з універсітэта, працавала ў школах з перапынкамі на дэкрэтныя адпачынкі. Спачатку — настаўніцай па фізкультуры ў вёсцы Заўшыцы, а потым выкладала сусветную і беларускую гісторыю ў Салігорску.
У мяне ёсць муж Андрэй, які шмат гадоў працаваў на “Беларуськаліі”. У нас трое дзетак: старэйшаму — 13 , сярэдняму —10, малодшаму ў верасні будзе чатыры.
Еўрарадыё: Што думаеце пра палітычныя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі летась і сёлета?
Іна Прылуцкая: Уразіла тое, наколькі беларусы насамрэч дабразычлівыя, і, калі патрэбна дапамога, яны заўсёды дапамагаюць. Не ўсе, канешне, бо, з іншага боку, зачапіла, наколькі людзі, якія маюць уладу, далёкія ад народа. Яны жывуць для сябе і не толькі нас не падтрымліваюць, а наадварот.
Раней я не мела ніякага дачынення да палітыкі. Па праўдзе кажучы, не заўсёды хадзіла на выбары, але ў жніўні ў мяне нібы расплюшчыліся вочы. Нават тады я не магла паверыць, што людзей могуць проста так біць і абражаць. Да гэтага часу не верыцца.
Не ведаю, як данесці іншым тое, што зразумела для сябе. Ёсць людзі, якіх не зачапілі рэпрэсіі, і яны жывуць па схеме “дом — праца — дом”. Яны нібы не бачаць таго, што робіцца ў краіне. Ім не цікава.
Еўрарадыё: Салігорск лічыцца пратэставым горадам: пра ўдзельнікаў стачкі пісалі шмат і летась, і сёлета. Што памятаеце вы?
Іна Прылуцкая: Першы час пасля 9 жніўня ў нас збіраліся сходы, пасля аб’явілі стачку. Таксама праходзілі жаночыя маршы салідарнасці. Калі ў мяне была магчымасць, я выходзіла.
Колькі людзей далучалася, калі мы хадзілі маршамі! Нас віталі, насілі сцягі… Былі і страшныя гісторыі, пра якія пісалі ў інтэрнэце. Людзей выцягвалі проста з кавярняў ды лавачак і білі… Проста білі і закідвалі ў аўтазакі.
Еўрарадыё: У верасні пачаўся новы вучэбны год. Вучні цікавіліся пратэстамі?
Іна Прылуцкая: У пятых класах, дзе выкладала, маленькія дзеці. Мы вывучалі гісторыю старажытных часоў, і яны пытанняў не задавалі. У сёмым класе, памятаю, быў момант. Мы праходзілі тэму пра забастоўкі.
Раптам вучні пачалі з чагосьці смяяцца. Я кажу, ці можна так смяяцца? У нашай краіне адбываецца тое самае. Тады дзеці перасталі смяяцца і пачалі расказваць, што іх бацькі таксама пратэставалі. Спыталіся, ці ўдзельнічала ў пратэстах я, але я перавяла тэму. Ведаю, што вучні старшых класаў спрабавалі абмяркоўваць з настаўнікамі тое, што адбывалася.
Еўрарадыё: Як палітычная сітуацыя паўплывала на вас і вашу сям’ю?
Іна Прылуцкая: Дзявятага жніўня муж пайшоў забіраць дадому сына, які гасціў у брата. Па дарозе сустрэў калегу. Селі паразмаўляць на лаўку. Можна сказаць, што на іх напалі людзі ў чорным. Забралі, атрымаў пакаранне 15 сутак. Выпусцілі, праўда, раней, але ў час адбыцця на яго завялі крымінальную справу. Калі людзі ў чорным падышлі да іх, то сталі круціць калегу. А калега старэйшы за майго мужа. Муж казаў пасля: “Як гэта, майго калегу круцяць, а я буду на лаўцы сядзець? Я ўстаў, заступіўся”. А калі ўставаў, аступіўся і штурхануў аднаго з міліцыянераў. Гэта палічылі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі.
Дарэчы, пра затрыманне я даведалася толькі на наступны дзень, бо пасля таго як прагаласавала, паехала з малодшымі дзеткамі за горад. Муж застаўся. У панядзелак я даведалася, што на працу не выйшаў, — паехала шукаць. Вось такая гісторыя.
Пазней у нас быў ператрус. Хлопцы, якія да нас прыходзілі, сказалі, што, калі пройдзе два месяцы і нас не патурбуюць, аўтаматычна справа закрыецца. Прайшло амаль тры месяца, і крымінальную справу ўзнавілі: сталі выклікаць мяне і мужа да следчага. Нібы я там нешта ведала. Пасля муж з’ехаў у Расію. У аэрапорце Пецярбурга яго затрымалі па запыце Следчага камітэта Беларусі і пасадзілі там у турму на паўгода.
Было вельмі цяжка, але знайшліся добрыя людзі, якія дапамагалі: прыходзілі, пісалі, падтрымлівалі матэрыяльна. Тым не менш гэты час мне ўспамінаць вельмі цяжка. [Пачынае плакаць.]
Трэба было нешта казаць дзецям. Старэйшыя адразу зразумелі, а маленькі прыходзіў кожны вечар з садка і пытаўся, дзе тата. Мы казалі, што тата ў камандзіроўцы, і працягвалі чакаць.
Усё было як у тумане. Мы пісалі лісты, ён нам адказваў, што ўсё добра. Але зразумела, што не ўсё. Ведаю, што хварэў і таксама там было цяжка. З іншага боку, там зняволеных выпускалі на прагулкі кожны дзень, яны заўсёды хадзілі ў душ і можна нават было ляжаць на ложках. Бо калі я чытаю пра нашых вязняў, у нас гэтага нічога няма. А мы што? Мы жылі: хадзілі на працу, у школу, у дзіцячы садок малы хадзіў. Чакалі лістоў ад бацькі. Больш нічога не адбывалася ў жыцці.
Да нас ён пакуль не вярнуўся.
Еўрарадыё: Што Андрэй казаў пра сітуацыю ў краіне?
Іна Прылуцкая: Ён вельмі злуецца, што нас падманулі. Я стараюся з ім не падымаць гэтую тэму.
Еўрарадыё: Чаму вы далучыліся да стачкі зараз? Нехта лічыць, што рэвалюцыю ладзіць позна.
Іна Прылуцкая: Хай лічаць. Кожны чалавек вольны думаць, што хоча. Я далучылася да стачкі, бо да мяне прыйшло асэнсаванне падзей, якія адбываюцца. Хай позна, але лепш пазней, чым ніколі.
Трэба выбіраць нейкі бок, не быць нейтральным. Я выбрала той бок, адкуль да нас прыходзіць дапамога. Бо наступіў той час, калі мая міліцыя мяне ўжо не беражэ.
Я доўга верыла ў справядлівасць, што ўсё вырашыцца на нашу карысць, бо на самай справе мой муж не вінаваты. У выніку даказвалася, што вінаваты без віны. Я выбрала далучыцца да стачкі, бо лічу, што гэта абароніць мяне ад несправядлівасці ў нашай краіне.
Трэба змагацца. Заўсёды. Не трэба апускаць рукі. І нават калі думаеш, што ўсё дрэнна, — не, так не бывае. Пройдзе час, і наперадзе будзе толькі лепш. Не трэба губляць веру. Трэба верыць у будучыню, і будучыня абавязкова прыйдзе.
Гэтаму вучыць гісторыя. На працягу тысячагоддзяў людзі змагаліся за свае правы і дасягалі мэты. Хтосьці пазней, хтосьці хутка.
Аналізуючы гісторыю XX–XXI стагоддзяў, жыхары развітых краін, а Беларусь мы лічым развітой краінай, рознымі метадамі, але дамагаліся свайго. І мы на гэтым прыкладзе таксама павінны дамагчыся справядлівасці, каб наша Канстытуцыя выконвалася, а не перапісвалася. Каб усё страшнае скончылася і каб зноў быў мір.
Еўрарадыё: А чаму не далучыліся да стачкі раней?
Іна Прылуцкая: Напэўна, я не была гатовая, не ведала, што буду рабіць далей. Цяпер ведаю, што хачу быць бліжэй да свайго мужа. Загадваць наперад не магу, таму жыву сённяшнім днём. Мы жывыя, здаровыя, у нас ёсць што есці і дзе спаць. Гэта добра. Маленечкімі крокамі, але мы рухаемся далей. Лёс дапаможа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.