"Троіца" выдае кнігу і запрашае на юбілейны канцэрт

У падарунак прыхільнікам творчасці легендарнага этна-трыа і напярэдадні будучага юбілею гурта лідэр “Троіцы” Іван Кірчук выпусціў кнігу “Аўтабаны і менестрэлі”, прэзентацыя якой прайшла ў мінскім рэстаране “Камяніца”.

Першапачаткова гэта былі проста прыватныя нататкі, якія ён і не думаў збіраць у асобную кнігу, распавядае Кірчук.

“Гэта былі запісы для сябе, якія я рабіў спачатку ў сшытках, нататніках — на ўсім, на чым было можна пісаць. Праходзіць час, многае забываецца, а многае змяняецца, ў тым ліку, і ў маім уласным светапоглядзе. Таму мне таксама было цікава зазірнуць у гэтую кнігу”.

Аўтар распавёў, што ў аснову выдання ляглі запісы яго асабістых дзённікаў, сабраныя падчас паездак па розных краінах і кантынентах.

Да таго ж, — прызнаецца Кірчук, — “Тоіца” наведвае такую колькасць фестываляў, што хутка назапасіцца дастаткова матэрыялаў для напісання другой часткі да гэтай кнігі. А пакуль, у “Аўтабаны і менестрэлі” увайшлі самыя цікавыя моманты, звязаныя з паездкамі на фестывалі, экспедыцыямі, сустрэчамі, набываннем інструментаў”.

А каб зрабіць манеру аповеду больш цікавай, Іван Кірчук перыядычна звяртаўся да вершаванай формы, народных мудрасцей і нават казак!

“Бо проста рабіць апісанне паездак і фестываляў было б сумна”, — працягвае аўтар.
.
Назва кнігі — “Аўтабаны і менестрэлі” — не выпадковая.

У нас былі моманты, калі за два-тры дні прыходзілася пераляцець усю Еўропу — умоўна кажучы, з Босніі на Паўночнае мора, — распавядае Іван Кірчук. — Нават сёлета: за тры месяцы ў нас было восем канцэртаў. Аднак для ўдзелу ў іх мы праехалі 10000 кіламетраў. Таму мы бачылі шмат дарог: расійскіх, украінскіх, еўрапейскіх — розных”.

Усё пачалося 10 гадоў таму з галандскага тура “Троіцы” — тады гурт ўпершыню сабраўся ў сучасным складзе. Пасля гэтага ў жыцці трыа было каля 80-ці еўрапейскіх фестываляў.
 
15 лістапада на канцэрце ў Мінску музыкі збіраюцца прадставіць частку сваёй унікальнай калекцыі інструментаў, а таксама сыграць песні з альбомаў розных часоў.


“Толькі вось кампазіцыі з апошняга альбома “Жар-Жар” калі і прагучаць, то, хутчэй за усё, толькі ў акустычнай версіі, бо інакш іх будзе вельмі цяжка выканаць тэхнічна”, — кажуць музыкі.

“Разагрэву” на канцэрце “Троіцы” таксама не плануецца:

Уся сцэна будзе загружаная інструментамі, так што месца на ёй знойдзецца толькі для нас траіх, — смяецца Кірчук. — Мы збіраемся паказаць і варганы з розных краін свету, і нямецкую цытру, тыбецкі чан, афрыканскія інструменты і многія іншыя, якія мы прывозілі з экспедыцый”.



З выхадам кнігі аўтар спадзяецца павялічыць клола прыхільнікаў гурта “Троіца”, а таксама пашырыць веды чытачоў пра этнакультуру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі