У 10-11 класы будуць паступаць як у ВНУ?

У краіне не хапае рабочых кадраў і зашмат спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, заявіў днямі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Таму, па яго словах, трэба абмежаваць колькасць вучняў у 10-11 класах і накіроўваць горшых з іх у вучылішчы або працаўладкоўваць. Дапамагчы пры гэтым могуць экзамены.
Гаворыць кіраўнік камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч:

“Ужо нават існуе сістэма адбору. Напрыклад, дзіця заканчвае пачатковую школу. У гімназію, у пяты клас, ты ўжо мусіш здаваць экзамены”.

Міністэрства ўжо арыентуе кіраўніцтвы школаў на галоўную задачу - уладкаванасць дзяцей пасля школы. Каб спраўдзіць інфармацыю, Еўрарадыё патэлефанавала дырэктару адной са школаў. Той пацвердзіў, што яшчэ да Новага года дырэктараў усіх школаў ды вучылішчаў горада збіралі ў аддзеле адукацыі райвыканкаму.

У гэтай школе сёлета няма 10-га базавага класа. Таму, відаць, да гэтага часу вучні павінны выбраць прафесію. Альбо яны ідуць у профільны 11-ы клас, альбо паступаюць у вучылішча. Міністр адукацыі нават не выключае прымянення «адміністрацыйнага рэсурсу з мэтай абмежавання колькасці вучняў, якія пасля базавых 10 класаў будуць працягваць навучанне ў 11 х і 12 х класах».

Кіраўнік камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч не згодны з такім метадам вырашэння праблемы. Маўляў, навуку за плячыма не носяць.

Уладзімір Здановіч: “Асабіста мая думка такая, што не трэба абмяжоўваць людзей у іх памкненнях атрымаць адукацыю больш высокага ўзроўню. Трэба проста больш дакладна інфармаваць насельніцтва Беларусі аб тым, што жыццё мяняецца. І паступова чалавек, які раней выконваў функцыі рабочага за нейкім прымітыўным станком, ужо тая ж спецыяльнасць патрабуе адукацыі больш высокага ўзроўню”.

Аднак намесніца міністра адукацыі Таццяна Кавалёва запэўніла Еўрарадыё, што ніякіх загадаў кіраўніцтвам школаў міністэрства не давала. І размова пра адміністрацыйны рэсурс была больш для разагрэву аўдыторыі. Маўляў, ніхто не будзе абмяжоўваць вучняў у іх выбары. Але размовы наконт таго, што важныя не толькі юрысты ды эканамісты, а й цырульнікі ды сантэхнікі, правесці варта.

Таццяна Кавалёва: “Перад намі, работнікамі адукацыі, пастаўлена задача. З аднаго боку, давесці да ўзроўню моладзі запыты дзяржавы, наймальніка, працадаўцы з пункту гледжання перспектываў атрымання працоўнага месца, заробку і г.д. А з іншага боку, дапамагчы маладому чалавеку вызначыць узровень сваіх схільнасцяў, здольнасцяў, стварыць умовы для развіцця здольнасцяў з улікам выбранай прафесійнай мэты”.

Таццяна Кавалёва таксама паведаміла Еўрарадыё, што сёння ў Беларусі зашмат гуманітарыяў з вышэйшай адукацыяй, юрыстаў, эканамістаў. Уладзімір жа Здановіч глядзіць на гэтую праблему інакш. Дакладней праблема ў іншым – у якасці адукацыі:

Уладзімір Здановіч: “У нас выпускаецца вельмі шмат людзей, якія маюць дакумент аб вышэйшай адукацыі, а спецыялістаў не хапае. Гэта праблема якасці адукацыі”.

З усёй гэтай сітуацыі вынікае яшчэ адзін аспект: калі абмежаваць колькасць навучэнцаў у 11-12 класах ды ВНУ, моладзь, верагодна, будзе шукаць адукацыю за мяжой.





Фота http://olgakir.photosight.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі