У 2014 годзе ў Беларусі пакаралі смерцю 3 асуджаных, у ЗША — 35

У 2014 годзе смяротныя прысуды выносіліся 2466 разоў у 55 краінах свету, у тым ліку, і ў Беларусі. 1 красавіка міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала чарговую справаздачу, прысвечаную вышэйшай меры пакарання.

Разам з тым, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, было выканана 607 прысудаў у 22 краінах. З іх 72% прыйшлося толькі на тры краіны: Ірак, Іран і Саудаўскую Аравію. Так, у Іране зафіксаваныя 289 выпадкі, і, прынамсі, 454 выпадкі не пацверджаныя. У Саудаўскай Аравіі — як мінімум 90 чалавек, у Іраку — не менш за 61, у ЗША — 35.

У справаздачы паведамляецца, што найбольшая колькасць рэальных смяротных прысудаў выносілася ў Кітаі. Але там статыстыка па смяротных пакараннях лічыцца дзяржаўнай таямніцай, доступу да яе няма. Праваабаронцы арганізацыі адзначаюць, што кітайскія ўлады пакаралі смерцю ў 2014 годзе больш людзей, чым усе астатнія краіны разам узятыя.

Рост колькасці смяротных прысудаў у 2014 годзе (на 28% у параўнанні з 2013-м) Amnesty International звязвае з тым, што Кітай, Паўночная Карэя, Іран, Саудаўская Аравія, Егіпет і Нігерыя выкарыстоўваюць вышэйшую меру пакарання для вырашэння ўнутраных канфліктаў, барацьбы з тэрарызмам і падаўлення палітычных праціўнікаў.

Беларусь з’яўляецца апошняй краінай Еўропы дзе выконваюць смяротныя пакаранні. За мінулы год у нашай краіне былі расстраляныя 3 чалавекі.

Андрэй Палуда

“Рыгор Юзэпчук быў асуджаны Магілёўскай калегіяй па крымінальных справах за забойства сакамерніка. Павал Селюн — за забойства сваёй жонкі і яе палюбоўніка. Аляксандар Гаруноў — за забойства дзяўчыны ў Гомелі”, — пералічвае прозвішчы праваабаронца Андрэй Палуда:

Для параўнання, у 2013 годзе ў Беларусі не было выканана ніводнага смяротнага прысуду. А сёлета да вышэйшай меры ўжо прыгавораны гвалтаўнік і забойца з Рэчыцы.

Фота: diletant.ru, wikipedia, bnp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі