У адказ на масавыя смерці ад спайсаў ствараецца антынаркатычная камісія

Маладыя беларусы ледзь не штодня гінуць пасля спажывання папулярных сінтэтычных псіхатропаў ― парашкоў, курыльных спайсаў і марак.

Нагадаем пра некалькі гучных выпадкаў, якія трапілі ў СМІ цягам толькі гэтага месяца.

У Прывольным 19-гадовы юнак пакурыў спайс (сушаную траву, на якую нанесены псіхатропны рэагент) і атрымаў вострае псіхічнае расстройства. Ён скокнуў у закрытае акно і, моцна парэзаўшыся, загінуў праз страту крыві.

У Мінску 18-гадовая студэнтка, пакурыўшы спайс, страціла жыццё з-за перадазіроўкі.

Як даведаўся партал TUT.BY, 15-гадовы навучэнец сталічнай школы №47 памёр з гэтай жа прычыны пасля спажывання маркі (кавалак паперы ці тонкай тканіны, на якую наносіцца псіхатропны рэагент). А ў чацвер 27-га лютага стала вядома пра недарэчную смерць 24-гадовага мінчаніна, які таксама спажыў марку.

Псіхатропы, з-за якіх гіне моладзь, на слэнгу называюць “легалкай”. Дылераў, якія прадаюць гэту атруту, часта немагчыма пазбавіць волі. Прычына ў тым, што яны завозяць у Беларусь апошнія навінкі з кітайскіх лабараторый. Там штотыдзень ствараюцца новыя сінтэтычныя псіхатропы. І каб унесці іх у Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў”, беларускім дзяржорганам неабходна каля двух месяцаў а то і больш.  Гэты час дылеры і выкарыстоўваюць для распаўсюджвання “легалкі”.

Аднак сітуацыю спрабуюць змяніць.

Як стала вядома Еўрарадыё, у Беларусі плануецца стварэнне Міжведамаснай антынаркатычнай камісіі. Калі гэта здарыцца, новая структура зможа збірацца ў любы час і будзе прымаць рашэнні наконт уключэння таго ці іншага рэчыва ў “Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў”. У той жа дзень інфармацыя будзе з’яўляцца на афіцыйным сайце МУС. А ўжо на наступныя суткі рашэнне Камісіі будзе набываць законную сілу.

Каб Міжведамасная антынаркатычная камісія магла працаваць, неабходна і ўдасканаленне закона “Аб наркатычных сродках”. Змены прапанавала дэпутат палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мандроўская. Сэнс у тым, што раней у Закон было ўведзена паняцце “аналаг”.  Але не кожны новаствораны псіхатроп патрапляў пад гэту катэгорыю.  Гандаль “легалкай” не спыніўся.

Як тлумачыць Еўрарадыё Зінаіда Мандроўская, праблему магчыма будзе вырашыць увядзеннем паняцця “базавая хімічная структура”:

“У наркалабараторыях прыстасаваліся да заканадаўства. Маглі замяніць больш за адзін ці два атамы вадароду на радыкал ― і рэчыва цягам нейкага часу распаўсюджвалі. Фармальна аналагам яно не прызнавалася, хоць фактычна з’яўлялася псіхатропным. Калі паняцце “базавай хімічнай структуры” будзе ўведзена ў Закон, то кожнае новае рэчыва можна будзе адразу ўносіць у “Рэспубліканскі пералік”. Наконт гэтых зменаў цягам некалькіх год вяліся жорсткія дыскусіі. Але на дадзены момант прапановы па новаўвядзеннях знаходзяць падтрымку. Сітуацыя вельмі напружаная”.

У чацвер 27 лютага законапраект быў перададзены ў Пастаянную камісію па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнікоў.

На дадзены ж момант наркадылеры працягваюць прадаваць беларусам смяротную “легалку”. Хоць міліцыя і выкарыстоўвае значныя рэсурсы, каб звязваць рукі распаўсюджвальнікам. 

Фота euroradio.fm і УУС Мінаблвыканкама

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі