У Баранавіцкім раёне тры аўтамабілі наехалі на каня

У Баранавіцкім раёне тры аўтамабілі наехалі на каня, які выбег на праезную частку. У выніку дарожна-транспартнага здарэння шпіталізаваныя два чалавекі. Як паведамляе БелаПАН, аварыя адбылася 13 лістапада ў 20.20 на аўтадарозе Брэст — Мінск недалёка ад вёскі Магіляны. Аўтамабіль "Міцубісі" наехала на каня, які выбег на праезную частку. Машына страціла кіраванне і з'ехала ў левы па ходзе руху кювет. Ад сутыкнення з канём у аўтамабіля лопнулі пярэднія стойкі і сарвала дах.

Затым на жывёлу, якая ляжала на праезнай частцы, наехаў аўтамабіль "Фольксваген-Пасат" з прычэпам. Кіроўца праехаў наперад і спыніўся на паласе руху. З аўтамабіля на праезную частку выйшла 50-гадовая пасажырка, каб агледзець дарогу.

Трэці наезд на каня здзейсніў грузавы мікрааўтобус "Фіят". Пасля гэтага машына траўмавала пасажырку "Фольксвагена-Пасата", якая стаяла на дарозе. Жанчына і кіроўца "Міцубісі" дастаўленыя ў лякарню.

Конь загінуў. Яго гаспадара шукаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі