У бары ў цэнтры Мінску адбылася бойка. Сведкі кажуць пра пісталет

Бойка мінчукоў з гасцямі сталіцы адбылася ўначы ў бары "Туманы" на вуліцы Зыбіцкай у Верхнім горадзе.

Як паведамляе onliner.by са словаў сведкаў, каля трэцяй гадзіны ночы ў бары працаваў фатограф — здымаў наведвальнікаў. Група гасцей Мінску папрасіла іх сфатаграфаваць. Фатограф адмовіўся, за што адразу атрымаў удар у сківіцу. За фатографа ўступілася група беларусаў з суседніх столікаў.

У бойцы ўдзельнічалі каля дзесяці чалавек. Ахоўнікі беспаспяхова спрабавалі разняць яе.

Потым адзін з прыезджых дастаў з 221-га "Мерсэдэса" пісталет і стаў ім размахваць. Страляць ён не пачаў, але стукнуў пісталетам па галаве хлопца, які заступіўся за фатографа.

Прысутныя выклікалі міліцыю. Прыезджыя спрабавалі з'ехаць да яе прыбыцця, але на выездзе ўтварыўся затор, што і затрымала іх да прыбыцця міліцыянтаў.

Па словах сведкі, акрамя міліцыі на месца здарэння прыбылі нейкія людзі ў цывільным, якія дапытвалі ўдзельнікаў.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі