У БАТЭ пакуль не думаюць пра наступнага саперніка ў Лізе чэмпіёнаў

Адбылося лёсаванне трэцяга кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў. У выпадку перамогі над "Македоніяй" (а ў ёй мала хто сумняваецца, бо ў гасцях атрымана перамога з лікам 2:0) барысаўскі БАТЭ выходзіць на пераможцу паядынку паміж латвійскім "Вентспілсам" і люксембургскім "Дзюдзеланжам".  У першым матчы латышы выйгралі ў "Дзюдзеланжа" на сваім полі з лікам 3:0. Аднак пакуль БАТЭ сканцэнтраваны на хатняй гульні з “Македоніяй” і пра верагодны выхад каманды ў 3-ці раўнд і будучага саперніка не думае, паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар барысаўчан Сяргей Дашкевіч:

“Да лёсавання клуб паставіўся спакойна, бо пакуль гуляе ў другім кваліфікацыйным раўндзе. Калі вырашым задачу па выхадзе ў трэці, тады і будзем думаць”.

Першыя матчы 3-га раўнда пройдуць 28-29 ліпеня, а матчы ў адказ 4-5 жніўня. Аднак БАТЭ яшчэ чакае хатняя гульня з "Македоніяй", якая пройдзе ў Барысаве 21 ліпеня.

Паўабаронца БАТЭ Сяргей Крывец распавёў Еўрарадыё, што ў матчы з македонцамі яны не збіраюцца расслабляцца і будуць гуляць толькі на перамогу.

Крывец: “Гуляем дома, пры сваіх заўзятарах, і нас папросту не зразумеюць, калі мы будзем адбываць нумар. Так што будзем гуляць толькі на перамогу”.

Калі БАТЭ вырашыць задачу з другім і трэцім кваліфікацыйнымі раўндамі, то выходзіць у плэй-оф. У выпадку перамогі клуб выйдзе ў асноўны розыгрыш Лігі чэмпіёнаў. Калі прайграе — трапіць у асноўны раўнд Лігі Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі