У Беларусі будуць будаваць больш індывідуальнага жылля (відэа)
Пры гэтым дзяржава працягне аказваць падтрымку пры пабудове прыватных дамоў.
Трэцяя частка новых квадратных метраў у Беларусі — гэта індывідуальнае жыллё. У гэтым годзе гэтая лічба — 1 300 000. У лідарах Мінская, Брэсцкая і Гомельская вобласці. А будзе яшчэ больш, — сцвярджаюць у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва.
Там адзначаюць, што за аснову ўзяты сусветны досвед. Да прыкладу, у Заходняй Еўропе і Канадзе прыватных дамоў амаль палова. У Беларусі індывідуальным забудоўшчыкам, хто мае права на падтрымку, дзяржава будзе яе аказваць нароўні з будаўніцтвам жылля па дзяржзамове. І гэта не толькі льготнае крэдытаванне.
Вось што сказаў у каментары тэлеканалу АНТ Уладзімір Дарапіевіч, намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва:
"Дзяржпадтрымка выяўляецца не толькі ў аб'ёмах фінансавання ў грашовым эквіваленце, сёння аблвыканкамы на працягу шасці месяцаў ужо абавязаны распрацаваць праекты індывідуальнай жылой забудовы, імі ж вызначаюцца ўчасткі пад такое будаўніцтва. Тут важна ў комплексе, не толькі дома, але і інжынерна-транспартныя сеткі і сацыяльна-бытавыя аб'екты".
Праўда, у Мінску і абласных цэнтрах назіраецца дэфіцыт зямельных участкаў. А вось з раённых гарадоў паступаюць прапановы для індывідуальных забудоўшчыкаў. Агульны план будаўніцтва на наступны год — каля пяці мільёнаў квадратных метраў жылля. Два з іх — індывідуальнае будаўніцтва.