У Беларусі будзе створаная чарговая спецслужба?

У Беларусі будзе створаная чарговая спецслужба?

У Беларусі вырашылі стварыць “рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі”. Для гэтага плануецца аб’яднаць у агульную сістэму ўсе камеры відэаназірання, інфармацыя з якіх будзе сцякацца ў адзіны цэнтр. Планы па стварэнні такой сістэмы агучыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Па словах эксперта па інтэрнэт-бяспецы Аляксея Чарняева, задума са стварэннем такой “сістэмы маніторынгу” выканальная, але будзе каштаваць вялікіх грошай.

Чарняеў: “Гэта вялікі абсяг працы і вялікія грошы. Тут цікавае пытанне: хто будзе за ўсё гэта плаціць? Асабліва ў цяперашніх эканамічных варунках. І я падазраю, што нашы ўлады будуць прасіць на гэта нейкі грант альбо ў Еўрасаюза, альбо ў якіх іншых устаноў”.

Колькі можа каштаваць рэалізацыя задумы з “сістэмай маніторынгу”, суразмоўца не бярэцца сказаць нават прыблізна. Маўляў, тут шмат будзе залежаць і ад таго, колькі камер давядзецца ставіць дадаткова, і ад таго, якія цэны выставіць “аператар, што будзе займацца рэалізацыяй праекта”.

Апроч таго, Аляксей Чарняеў не выключае, што ў выніку задума са стварэннем “рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі” прывядзе да стварэння ў Беларусі чарговай спецслужбы.

Чарняеў: “Са словаў Аляксандра Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што гэта нібыта павінная быць нейкая новая служба. Якая мусіць працаваць недзе пасярэдзіне паміж Міністэрствам унутраных спраў, КДБ і Аператыўна-аналітычным цэнтра пры прэзідэнце. Выглядае так, што гэта асобная назіральная служба”.

Тым не менш, ніякіх юрыдычных дакументаў наконт гэтай службы, яе правоў і абавязкаў пакуль ніхто не бачыў, таму высновы рабіць рана, кажа эксперт. Адно можна сказаць ужо цяпер, дадае Аляксей Чарняеў: ніякага грамадскага кантролю за гэтай службай, як і за іншымі спецслужбамі, беларусы мець не будуць.

Цалкам размову з Аляксеем Чарняевым можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі