У Беларусі не будуць плаціць за прышчэпку ад COVID-19. А як у іншых краінах?
Дзяўчына ў масцы на фоне Галівуда / Reuters
Міністэрства аховы здароўя Беларусі мяркуе, што плаціць беларусам за прышчэпку супраць COVID-19 няма неабходнасці. Пра гэта заявіў міністр Дзмітрый Піневіч:
На ягоную думку, "у нас кожны разумее і робіць свой усвядомлены выбар. Такога, што ёсць вакцыны, але няма ахвотных прышчапіцца, у нас няма".
Пункты вакцынавання ў Беларусі адкрытыя ў паліклініках, бальніцах і гандлёвых цэнтрах.
"Мы дамагліся таго, што пачалі знікаць чэргі ў паліклініках", — сцвярджае Піневіч.
Тым часам у амерыканскім штаце Нью-Джэрсі за прышчэпку ад каранавіруса даюць бясплатнае піва і шот моцнага напою, піша "Грамадскае". У іншых штатах за ўкол прапануюць 100 долараў. Улады Лос-Анджэлеса вырашылі бясплатна выдаваць прышчэпленым па пакеце з садавіной і гароднінай.
Еўропа таксама не адстае. У Сербіі рэстаратар частуе вакцынаваных быком на ражне. А ўлады плацяць тым, хто адважыўся на прышчэпку, 25 еўра.
У Румыніі цэнтрам вакцынацыі ад COVID-19 стаў замак Дракулы. Кожны вакцынаваны атрымлівае ў падарунак экскурсію па выставе сярэднявечных катаванняў.
У іншых краінах тыя, хто зрабіў прышчэпкі ад каранавіруса, атрымалі падарункі і зніжкі на тавары ў крамах. А ў Маскве наогул сярод атрымальнікаў першай дозы вакцыны быў разыграны аўтамабіль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.