У Беларусі пачынаецца збор подпісаў
21 траўня ў Беларусі пачынаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты. Ініцыятыўным групам 15 патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Асаблівасць цяперашняй выбарчай кампаніі ў тым, што яна адбываецца ва ўмовах распаўсюду каранавіруса.
Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня.
Цэнтрвыбаркам Беларусі дапусціў да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 15 чалавек з 55. Нагадаем, хто быў зарэгістраваны і будзе збіраць подпісы: экс-банкір Віктар Бабарыка, лідар ЛДПБ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, фермер з Гомельскага раёна і відэаблогер Юрый Ганцэвіч, лідар руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч, сустаршыня руху "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў, адна з лідараў аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Вольга Кавалькова, выканаўца абавязкаў старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, ІП, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, намеснік дырэктара прыватнага транспартнага прадпрыемства з Мінска Наталля Кісель, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі з Гомеля, пенсіянер Уладзімір Няпомняшчы, музыка, лідар гурта Znich Алесь Таболіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Чэрачань, ІП, былы кіраўнік беларускага ПВТ Валерый Цапкала, перакладчыца Святлана Ціханоўская (жонка відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, якога да выбараў не дапусцілі).
Прэзідэнцкія выбары прызначаны на 9 жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.