У Беларусі праз спёку чырвоны ўзровень небяспекі працягнулі да 17 жніўня
Гарачае надвор'е працягнецца да выхадных / БЕЛТА
Чырвоны ўзровень небяспекі праз спёку абвешчаны ў Беларусі да 17 жніўня. Пра гэта паведамілі ў МНС. Дзённая тэмпература ў гэтыя дні можа быць ад 28 да 34 градусаў (па паўднёвым захадзе краіны).
І ратавальнікі, і медыкі рэкамендуюць у такое надвор'е пазбягаць працяглага знаходжання на дварэ. Мінздароўя раіць наогул не выходзіць на двор без асаблівай патрэбы з 11 да 17 гадзін. На дварэ лепш трымацца ў цені і перыядычна заходзіць у памяшканні з кандыцыянерамі. Пры сабе трэба абавязкова мець бутэльку з негазаванай вадой. У такое надвор'е лепш насіць свабодную вопратку з натуральных тканін, а таксама адкрыты і камфортны абутак.
Каб астудзіць паветра ў памяшканні, Мінздароўя раіць выкарыстоўваць ёмістасці з вадой — ставіць іх перад вентылятарам. Калі ў кватэры ёсць кандыцыянер, каб не справакаваць прастуду, не варта астуджаць паветра ніжэй за 18-20 градусаў і сядзець проста пад кандыцыянерам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.