У Беларусі расце цікавасць да крэдытаў у юанях
Кітайскі юань / pixabay.com
У Беларусі расце папулярнасць крэдытаў у кітайскіх юанях, у некаторых банках аб'ёмы крэдытавання ў гэтай валюце павялічыліся ў разы, піша Office Life. За I квартал 2023 года карпаратыўны сектар атрымаў крэдыты на 203 млн юаняў. У параўнанні з крэдытамі ў іншых валютах гэта пакуль няшмат. 203 млн юаняў — гэта прыкладна $30 млн. А крэдытаў у рублях за гэты ж перыяд было выдадзена на $1,5 млрд. Але з ростам беларуска-кітайскага тавараабароту павялічваецца і цікавасць да крэдытаў у юанях. У Банку ВТБ (Беларусь), да прыкладу, кажуць, што з пачатку гэтага года юаневы крэдытны партфель вырас у 5 разоў.
"Такі прырост абумоўлены павелічэннем з боку рэальнага сектара эканомікі аб'ёмаў імпарту сыравіны, камплектуючых і гатовай прадукцыі з Кітая", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы банка.
Папулярнасць крэдытаў звязаная з невысокім коштам, а таксама магчымасцю зэканоміць на валютна-абменных аперацыях і курсавых розніцах, калі гаворка ідзе пра крэдыты, якія бяруць пад гандлёвыя аперацыі з КНР.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.