У Беларусі самая танная тэлефонная сувязь на постсавецкай прасторы

У чэрвені РУП “Белтэлекам” правёў маніторынг рынкаў тэлекамунікацыйных паслуг краін постсавецкай прасторы. Высветлілася, што ў Беларусі самая танная тэлефонная сувязь унутры краіны. Пра гэта Еўрапейскаму радыё паведаміў начальнік групы па інфармацыі і камунікацыях “Белтелекама” Аляксей Федарэнчык.

Федарэнчык
: “Хатні або працоўны стацыянарны тэлефон па-ранейшаму застаецца самым даступным у параўнанні з блізкім і далёкім замежжам. Абаненцкая плата ў Беларусі складае 1660 рублёў, а хвіліна размовы - крыху больш за 8 рублёў”.

Да прыкладу, у Расіі абаненцкая плата ў пераліку на беларускія рублі складае 10315 рублёў. Ва Украіне і Эстоніі - амаль 9000, пры гэтым у Эстоніі штохвілінная тарыфікацыя складае 52,9 руб/хв. Жыхары Казахстана штомесяц плацяць за тэлефон у памеры 8941 рубель, у Малдавіі - 4222 рублі складае абаненцкая плата, плюс 16, 8 рубля за кожную хвіліну мясцовых размоў.

У Латвіі няма фіксаванай абаненцкай платы за тэлефонную сувязь, аднак штохвілінная тарыфікацыя складае 96,7 руб/хв. На “Белтэлекаме” таксама падлічылі, колькі ў сярэднім трацяць беларусы на размовы па стацыянарным тэлефоне.

Федарэнчык: “Беларус у месяц у сярэднім траціць на хатнюю тэлефонную сувязь з улікам міжгародніх размоў каля 15 тысяч рублёў”.

Дарэчы, міжгародняя сувязь у Беларусі таксама мае самыя нізкія кошты: 20 рублёў за хвіліну ў межах вобласці, 41 рубель - у межах краіны. У Расіі міжгародныя перамовы абыйдуцца ад 196 да 354 рублёў; у Малдавіі па 74 рублі незалежна ад месцазнаходжання горада; у Латвіі - 291; ва Украіне ад 205 да 256 рублёў за хвіліну размовы. А вось міжнародная сувязь у нашай краіне - адна з самых дарагіх на постсавецкай прасторы.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі