У Беларусі стала больш жорсткім антытытунёвае заканадаўства
У Беларусі стала больш жорсткім антытытунёвае заканадаўства. 24 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 2, якім уносяцца змены ў ранейшыя дэкрэты (№ 28 ад 2002-га і № 4 ад 2007 года), што рэгулююць вытворчасць, абарот і спажыванне тытунёвых вырабаў. Як інфармуе БЕЛТА, асноўнай мэтай дакумента з'яўляецца абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў ды прадухіленне негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя беларусаў.
Якія новаўвядзенні ўводзіць дэкрэт № 2? Вызначана, што на электронныя сістэмы курэння будуць распаўсюджвацца асобныя прававыя нормы, якія ўжо дзейнічаюць у дачыненні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвых вырабаў. Тымі ж вытворчасцю і абаротам электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх змогуць займацца толькі суб'екты гаспадарання Беларусі. Згаданыя вадкасці нельга будзе адкрыта змяшчаць на вітрынах, абмяжоўваецца іх рэклама, забараняецца іх продаж непаўналетнім.
Дэкрэтам кіраўніка краіны пашыраны пералік месцаў, у якіх цалкам забаронена курэнне. Гэта — дапаможныя памяшканні жылых дамоў, ліфты, дзіцячыя пляцоўкі, аўтамабілі, калі ў іх перавозяцца дзеці ва ўзросце да 14 гадоў, падземныя пераходы, прыпынкі і пасадачныя пляцоўкі, тэрыторыі і памяшканні спартыўна-аздараўленчых лагероў.
Прадугледжваюцца паэтапныя абмежаванні па даступнасці сістэм для спажывання тытуню, тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння і вадкасцяў да іх. На шыльдах у крамах нельга будзе выкарыстоўваць словы, падобныя на назвы відаў тытунёвых вырабаў. З 2020 года ў крамах, гандлёвая плошча якіх большая за 1000 квадратных метраў, рэалізацыя падобных тавараў будзе адбывацца ў спецыяльным аддзеле.