У Беларусі створаць спецыяльныя камісіі для вызначэння археалагічных артэфактаў
У Беларусі будуць ствараць спецыяльныя камісіі для вызначэння археалагічных артэфактаў. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА распавёў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.
Па словах чыноўніка, не ўсе знаходкі, якія ёсць у калекцыянераў, могуць лічыцца археалагічнымі артэфактамі. "Для вызначэння гэтага прадуманы спецыяльны механізм. Будуць створаныя камісіі, у склад якіх увойдуць спецыялісты пэўнага профілю, пры Мінскім гарвыканкаме і аблвыканкамах, куды можна будзе падаць свае прадметы, і камісія вызначыць — артэфакт гэта ці не", — канстатаваў ён.
Археалагічны артэфакт, кажа чыноўнік, трэба будзе зарэгістраваць у спецыяльным рэестры Нацыянальнай акадэміі навук. Забіраць артэфакт ва ўладальніка не плануецца. Як кажа Чарняўскі, галоўнае — ведаць, дзе і ў каго што ёсць, каб мець магчымасць увесці гэты артэфакт у навуковае і культурнае абарачэнне.
Пашукавікі-аматары выказвалі думку, што цяпер "чорныя капачы" будуць прадаваць свае знаходкі ў Расію. На гэта спецыяліст адказаў, што Беларусь адной з апошніх прымае падобнае заканадаўства. а ў Расіі, Польшчы, Літве, Украіне яно ўжо дзейнічае. "І няхай хто-небудзь паспрабуе паехаць у Расію (у нас межы адкрытыя) і паспрабуе рэалізаваць там што-небудзь. Вялікай надзеі тут не варта мець", — парыраваў Чарняўскі.
Самім жа аматарам ён параіў легалізаваць сваю дзейнасць і працаваць сумесна з археолагамі.
Фота: БЕЛТА