У Беларусі створаны штаб для барацьбы з афрыканскай чумой свіней (відэа)
Будуць прынятыя дадатковыя меры па недапушчэнні распаўсюду і для ліквідацыі ачагоў захворвання.
Пра гэта было заяўлена на паседжанні прэзідыума Савета міністраў, якое прайшло ў аўторак. На ім было агучана, што прынятая пастанова аб дадатковых мерах у сувязі з захворваннем свіней "у шэрагу раёнаў" нашай краіны.
Як паведамляе БЕЛТА, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў, што "для прыняцця аператыўных рашэнняў і каардынацыі сітуацыі" створаны рэспубліканскі штаб на чале з яго намеснікам Міхаілам Русым.
Факт выяўлення афрыканскай чумы свінняў у Гродзенскай вобласці пацвердзілі спецыялісты Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі. Дзяржаўная ветэрынарная служба праводзіць "комплекс мерапрыемстваў па ліквідацыі ачага і недапушчэнні распаўсюду дадзенага захворвання".
Нагадаем, як паведамляла Еўрарадыё, у распаўсюдзе афрыканскай чумы свінняў абвінавацілі камбікорм. У ім знайшлі ўзбуджальнікаў хваробы. Вядома, што камбікорм прывёз з-за мяжы прыватны прадпрымальнік.
Пад Стоўбцамі масава знішчаюць свіней і забіраюць мяса з халадзільнікаў
Фота — http://www.goodfon.ru