У Беларусі затрымалі ўдзельнікаў казацкага коннага паходу Масква — Берлін
Трое расіян правялі двое сутак у ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС ў статусе падазраваных.
Беларуская міліцыя затрымала траіх удзельнікаў коннага паходу Масква — Берлін. Двое сутак расіяне правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС ў статусе падазраваных, а на трэція (10 ліпеня) ім усім выставілі афіцыйнае абвінавачванне ў злосным хуліганстве. Пінская міжраённая пракуратура санкцыянавала іх арышт тэрмінам на два месяцы на перыяд папярэдняга расследавання, паведамляе газета "Вечерний Брест".
Высветлілася, што трое грамадзян Расіі, адзін з іх непаўнагадовы, уначы, будучы ў нецвярозым стане, збілі маладога чалавека, які жыве ў інтэрнаце Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа ў вёсцы Галева. Таксама яны пашкодзілі лядоўню, уваходныя дзверы і разбілі шкляную вазу.
Мясцовыя ўлады далі ўдзельнікам коннага паходу для пражывання цэлы паверх у інтэрнаце вышэйназванага каледжа. Пацярпелы пражывае на іншым паверсе. Прыезджыя заявіліся да яго ў пакой і збілі. Падставай для канфлікту нібыта стала яго сяброўства з дзяўчынай, з якой у дзень свайго засялення ў інтэрнат пазнаёміліся і расіяне.
Арганізатары паходу і яго ўдзельнікі асудзілі правіну сваіх траіх таварышаў. Іх завочна пазбавілі ўсіх узнагарод, атрыманых падчас экспедыцыі.
Фота з сацыяльных сетак.