У беларускім парламенце 10 дэпутатаў прагаласавалі супраць
У Палаце прадстаўнікоў 10 са 110 дэпутатаў прагаласавалі супраць зменаў у закон "Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь". Для беларускага парламента гэта рэкорд пратэстнага галасавання за доўгі час.
Трэба ўлічыць таксама, што 8 дэпутатаў увогуле не галасавалі за дакумент. Складана сказаць, яны зрабілі гэта свядома, дэманструючы такім чынам сваю пазіцыю, ці проста з нейкіх прычынаў адсутнічалі ў Авальнай зале. Але ў выніку доля нязгодных дэпутатаў нават перавысіла 10% ад тых, хто галасаваў!
Паводле дэпутата Ганны Канапацкай, дыскусіі выклікаў 19-ы артыкул новай рэдакцыі закона. Ён датычыцца фінансавай дапамогі ад міжнародных арганізацыяў. Новая рэдакцыя дакумента прадугледжвае, што ў выпадках, не ўрэгуляваных беларускім заканадаўствам, атрымаць яе можна будзе толькі са згоды Аляксандра Лукашэнкі, які мусіць падпісаць для гэтага асобны ўказ.