У Брэсце адкрылася выстава ў стылі "мастацтва са смецця" (фота)
Аўтар незвычайных работ дае другое жыццё металалому.
30 ліпеня ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава "Рэінкарнацыя жалеза". Свае скульптуры ўпершыню прадставіў Антон Мартынюк, выкладчык малявання з аграгарадка Вялікія Матыкалы.
"На гэтай выставе я прадстаўляю свае працы ў тэхніцы Scrap-art. Шмат хто называе гэта "мастацтвам са смецця", але я выкарыстоўваю толькі металалом або рэчы, якія адслужылі сваё. Я ім, можна сказаць, даю другое жыццё, таму выстава так і называецца "Рэінкарнацыя жалеза", — распавядае Еўрарадыё Антон Мартынюк.
Па словах аўтара, на выраб кожнага экспаната патрэбна ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён. Усё залежыць ад памераў скульптуры. Напрыклад, каб зрабіць вялікага фэнтэзійнага цмока, Антону Мартынюку спатрэбілася чатыры дні.
Адкрыццё выставы суправаджалася і майстар-класам. Аўтар прадэманстраваў прысутным, што для занятку scrap-art'ам дастаткова любых падручных сродкаў і, галоўнае, крыху фантазіі.