У Брэсце "спорцікі" збілі 17-гадовага хлопца і падпалілі яму валасы
"Спорцікі" збілі хлопца ў Брэсце
У Брэсце па-зверску збілі 17-гадовага хлопца і падпалілі яму валасы. Напад учынілі тры жыхары Віцебска, ім ад 20 да 22 гадоў.
Маладыя людзі аказаліся "спорцікамі". Гэта людзі, якіх наркамаркеты наймаюць, каб пакараць нядобрасумленных закладчыкаў ці "кліентаў", якія вінныя ім грошай. "Спорцікі" выбіваюць даўгі з закладчыкаў і наркаспажыўцоў. А іх жорсткасць тлумачыцца тым, што акрамя карнай функцыі яны яшчэ і палохаюць іншых патэнцыйных даўжнікоў.
Падазроныя нанеслі хлопцу не менш як 56 удараў металічнымі прутамі і бітай па галаве і тулаву. А потым пры дапамозе запальнічкі і балона падпальвалі яму валасы, паведамляе Следчы камітэт.
У дачыненні да віцябчан распачата крымінальная справа па ч.3 артыкула "Хуліганства" — за асабліва небяспечнае злачынства. Следчыя будуць хадайнічаць перад пракурорам аб прымяненні да іх меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
СК паведамляе, што за апошні час такі выпадак не адзінкавы. "Спорцікі" будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці па ч.4 арт.328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, учыненыя арганізаванай групай) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.