У будынку Мінаграпалітыкі ў Кіеве пачалася перастрэлка

У будынку Міністэрства аграрнай палітыкі пачалася перастрэлка. Пра гэта з месца падзей паведаміў карэспандэнт aif.ua. Хто менавіта ўдзельнічае ў супрацьстаянні з другога боку, спачатку было няясна. У памяшканнях ішла страляніна, ляталі гранаты. Група людзей, якая паспрабавала забрацца ў сярэдзіну будынка, заяўляе, што ў іх ёсць дэпутацкае распараджэнне аб вызваленні будынка. У адказ атакуючых пачалі паліваць вадой з гаўбца пятага паверха.



Пазней удалося высветліць, што ў спробе штурму Мінаграпалітыкі прымалі ўдзел байцы так званай "Сотні Святаслава". Па іх словах, ёсць дамоўленасць пра вызваленне ведамства наўзамен на вызваленне групы арыштаваных дэманстрантаў.



Цяпер будынак Мінаграпалітыкі аддзелены кардонам, у яго нікога не пускаюць. Выйсці адтуль можна, усярэдзіне ёсць параненыя. Да іх выклікалі медыкаў, на месцы таксама прысутнічае святар. Па звестках СМІ, актывістам "Спільнай справы" не паведамілі пра дамоўленасці, да якіх прыйшоў камітэт абароны Майдана і партыя "Свабода", з аднаго боку, і ўлада, з другога.



Па стане на 11:50 (час украінскі) з будынка пачалі выводзіць параненых і актывістаў "Спільнай справы". Падлога ў памяшканні залітая вадой. Журналістаў туды не пускаюць.



Фота — thekievtimes.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі