У цэнтры Мінска абняліся сотні людзей (фотарэпартаж)

У суботу ў сталіцы прайшла акцыя “Абдыму бясплатна!”. Сотні людзей дарылі мінакам свае абдымкі і зараджалі ўсіх сваім пазітывам. Акцыя FREE HUGS, або “Абдыму бясплатна!” адбылася ў суботу ў раёне плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Удзельнічалі ўсе, хто хацеў паабдымаць мінакоў і падзяліцца з імі пазітывам у сумныя зімовыя дні: у шэрым горадзе заблішчэлі ўсмешкі і нават сонца, як па камандзе, вылезла з-за хмараў!

Ужо даўно гэтая забава гуляе па планеце (http://freehugscampaign.org/). Ідэя FREE HUGS простая: калі ты абдыміш незнаёмага чалавека – ты палепшыш яму настрой і зробіш ягонае жыццё радасней, бо шчырыя абдымкі неабходныя кожнаму з нас, як паветра. У Беларусі ужо было толькі некалькі такіх “абдымашак”, але ў гэты раз атрымалася даволі масава. Загадзя была створана група ў “Кантакце”, дзе за тыдзень набралася больш за тысячу патэнцыйных ўдзельнікаў.

Яўген Канцавы, адзін з арганізатараў: “У групе было зарэгістравана каля 1200 чалавек, а прыйшло, па маіх ацэнках, чалавек 100-120. Гэта не ўпершыню, але ў першы раз атрымалася так маштабна. Можна сказаць, гэта была генеральная рэпетыцыя Сусветнага дня Абдымкаў, які будзе 21 студзеня!”

Хлопцы ды дзяўчаты сабраліся а 14-й гадзіне каля Філармоніі, разабралі загадзя падрыхтаваныя плакацікі з надпісамі “Абдыму бясплатна!”, паабдымаліся паміж сабой, зрабілі агульнае фота, разбіліся на некалькі груп па 10-15 чалавек і раздзяліліся: адна група абдымала ля Камароўкі, другая – ля “Імпульса” і г.д. Праз некаторы час групы мяняліся сваімі “ўчасткамі”, каб не стаяць на адным месцы.

Юра Данскоў, удзельнік (каментар з групы): “Суперскі народ! Не магу абняць усіх-усіх, але вельмі намагаюся! Наша група пераабдымала ўсіх прадаўцоў і міліцыянтаў, нас тры разы паслалі, а да мяне асабіста самі падышлі 4 чалавекі і папрасілі іх абняць! Я шчаслівы!”

Уступайце ў групу http://vkontakte.ru/club6490197 і далучайцеся да ЖЖ-кам'юніці http://community.livejournal.com/by_hugs/ : 21 студзеня будзем абдымацца зноў!

Слайд-шоў:


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі