У Дзятлаўскім раёне УАЗ пераехаў п’янага пешахода
Вясковец ляжаў проста на праезнай частцы і сканаў на месцы.
Як паведамілі БЕЛТА ў Гродзенскай абласной ДАІ, у папярэднія гады гэтага мужчыну 4 разы штрафавалі за парушэнні, дапушчаныя ў якасці пешахода і аднойчы як раварыста. У чатырох выпадках мужчына быў нецвярозым.
Напярэдадні познім вечарам ён ляжаў на праезнай частцы каля вёскі Трухановічы. На мужчыне не было флікераў. Кіроўца “Форда” заўважыў чалавека на дарозе і ўзяў лявей, але потым, праехаўшы сто метраў, вярнуўся. Заўважыў мужчыну і кіроўца аўтафургону УАЗ, які таксама ссунуўся ў бок.
На коле УАЗа знайшлі рэчыва бурага колеру, падобнае да крыві, таму хутчэй за ўсё менавіта кіроўца гэтага аўтамабіля наехаў на пешахода. Адметна, што гэты кіроўца ўжо трапляў у аварыю з пешаходам, якая мела цяжкія наступствы. У 2011 годзе ён атрымаў за гэта два з паловай гады ўмоўна.