У Фінляндыі адмянілі турнір з-за допуску фехтавальшчыкаў з Беларусі і Расіі

Чарговы турнір адменены / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Чарговы турнір адменены / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Фінляндыі адмянілі сатэлітны турнір Кубка свету па фехтаванні, піша fencing-pentathlon.fi. Такім чынам Фінская федэрацыя адрэагавала на рашэнне Міжнароднай федэрацыі фехтавання аб допуску фехтавальшчыкаў з Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў. Фіны асуджаюць яго. Яны перакананыя, што беларусы і расіяне не могуць быць дапушчаныя да спаборніцтваў да заканчэння "незаконнай і жорсткай агрэсіўнай вайны Расійскай Федэрацыі ва Украіне".

Фінская федэрацыя фехтавання піша, што паколькі яна не магла перашкодзіць беларускім і расійскім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах, у яе "не было іншага выбару".

Спартсмены з Беларусі і Расіі былі адхілены ад міжнародных спаборніцтваў пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сёлета Міжнародны Алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі дапусціць спартсменаў з РБ і РФ да спаборніцтваў пад нейтральным сцягам. Гэта выклікала абурэнне ў свеце — больш за тры дзясяткі краін вырашылі сумесна гэтаму супрацьстаяць. Украіна пагражае байкотам Алімпіяды.

У сакавіку 2023-га пазачарговы кангрэс Міжнароднай федэрацыі фехтавання, нягледзячы на пратэсты часткі дэлегатаў, вырашыў дапусціць з красавіка да міжнародных спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі. Федэрацыя фехтавання Германіі ў адказ адмяніла этап Кубка свету.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі