У Германіі адрэагавалі на допуск да спаборніцтваў фехтавальшчыкаў з РБ і РФ

Разбураная спартыўная зала ва Украіне / facebook.com/nikolay.synelnykov
Разбураная спартыўная зала ва Украіне / facebook.com/nikolay.synelnykov

Федэрацыя фехтавання Германіі адмяніла этап Кубка свету (ён мусіў прайсці ў пачатку траўня) з-за нядаўняга рашэння Міжнароднай федэрацыі фехтавання вярнуць на спаборніцтвы спартсменаў з Беларусі і Расіі, паведамляе fechten.org. Кіраўніца нямецкай федэрацыі Клаўдыя Бокель заявіла, што рашэнне міжнароднай федэрацыі робіць правядзенне турніру немагчымым.

"Абмеркаванні апошніх некалькіх дзён пасля рашэння Кангрэса FIE зноў зрабіць магчымым удзел Расіі і Беларусі выклікалі жорсткія дыскусіі як унутры краіны, так і за яе межамі, — кажа яна. — ...Як і раней, мы салідарныя з народам Украіны, які пакутуе ад агрэсіўнай вайны. Мы хочам даць выразны сігнал, што хацелі б іншага рашэння. Многія пытанні ўсё яшчэ нявырашаныя, у тым ліку і з боку міжнароднай федэрацыі, што робіць правядзенне турніру немагчымым".

Федэрацыя фехтавання Германіі лічыць, што больш правільна было б пачакаць з рашэннем пра допуск беларусаў і расіян.

Спартсмены з Беларусі і Расіі былі адхілены ад міжнародных спаборніцтваў пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сёлета Міжнародны Алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі дапусціць спартсменаў з РБ і РФ да спаборніцтваў пад нейтральным сцягам. Гэта выклікала абурэнне ў свеце — больш за тры дзясяткі краін вырашылі сумесна гэтаму супрацьстаяць. Украіна пагражае байкотам Алімпіяды.

Рашэнне пра допуск беларускіх і расійскіх фехтавальшчыкаў да міжнародных спаборніцтваў прыняў пазачарговы кангрэс Міжнароднай федэрацыі фехтавання. Абмежаванні з іх здымуць у канцы красавіка. Федэрацыя фехтавання Украіны збіралася абскардзіць рашэнне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі