У Гомелі на сходах агітавалі супраць Аляксандра Лукашэнкі (фота)

У Гомелі на сходах агітавалі супраць Аляксандра Лукашэнкі (фота)

7 кастрычніка у Гомелі апазіцыянеры правялі два сходы выбаршчыкаў з мэтай агітацыі супраць абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі. Іх арганізатары — старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка і рэгіянальны каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Уладзімір Кацора.

Сходы прайшлі ў Чыгуначным раёне горада ў прызначаных для падобных мерапрыемстваў месцах — актавай зале школы № 57 і ДК “Гомсельмаш” (агулам у іх паўдзельнічала каля 200 чалавек). Уладзімір Кацора патлумачыў, чаму, на яго погляд, нельга галасаваць за Аляксандра Лукашэнку. У сваіх выступах ён закрануў пытанні алкагалізму ў грамадстве, эканамічнага становішча ў краіне, прадвызначанасці вынікаў выбараў.

Уладзімір Сякерка распавёў пра прычыны, па якіх за Аляксандра Лукашэнку не будзе галасаваць асабіста ён. Гэта невыкананне шматлікіх перадвыбарчых абяцанняў, "двудушнасць", "спосаб узаемаадносінаў з падначаленымі", увядзенне кантрактнай сістэмы, маральныя якасці кіраўніка дзяржавы ды іншае.

У выбаршчыкаў была магчымасць задаць пытанні, а таксама дапоўніць выступы арганізатараў, абмяжоўваючыся рэгламентам у пяць хвілін. Прысутныя звярталіся па прававую дапамогу, некаторых цікавіла дзейнасць спадароў Сякеркі і Кацоры ў якасці партыйцаў, пытанне, ці маюць яны прапановы годных альтэрнатываў Аляксандру Лукашэнку ды іншае.

У праграму сходаў было таксама ўключана абмеркаванне праграмаў кандыдатаў у прэзідэнты. З кароткім аналізам эканамічнай праграмы Аляксандра Лукашэнкі выступіў эканаміст Мікалай Новікаў.

Уладзімір Кацора пракаментаваў мэты падобных сходаў, адзначыўшы, што ў беларускім заканадаўстве прадугледжана правядзенне агітацыі як за, так і супраць кандыдатаў у прэзідэнты:

“Мы ўжо не першы раз выкарыстоўваем гэта. Мэту мы ставілі шырока праінфармаваць гамяльчан, што такая ініцыятыва ёсць — правесці агітацыю, што ёсць людзі і структуры, якія могуць гэта зрабіць і робяць. І, па-другое, мы хацелі паглядзець, як людзі адгукнуцца на тое, каб прыйсці, гатовы яны ці не гатовы мірыцца з тым, што гэтая ўлада зноў застанецца”.

Кацора адзначыў, што важна не столькі тое, што гаворыцца на сходах, колькі тое, што людзі гатовыя прыходзіць на падобныя мерапрыемствы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі