У Гомелі невядомыя напалі на пікет БРСМ і парвалі партрэт Лукашэнкі

10 снежня ў Гомелі двое невядомых мужчын напалі на ўдзельнікаў пікету за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Як паведамляе БелаПАН, інцыдэнт адбыўся ў цэнтры горада. Каля ўнівермага "Гомель" у адзін шэраг стаялі пікеты за дэмакратычных кандыдатаў Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава і Ўладзіміра Някляева. Побач з імі пікет у падтрымку Лукашэнкі арганізавалі сябры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Мужчына нападпітку, убачыўшы партрэт Лукашэнкі, накіраваўся да пікету. Спачатку ён проста плюнуў у бок актывістаў БРСМ, а потым, калі падышоў яго знаёмы, таксама нападпітку, мужчына схапіў пластыкавы стэнд і перакуліў. З яго выпаў папяровы партрэт дзейснага прэзідэнта. Адзін з нападнікаў падняў яго і разарваў на часткі са словамі: "Ён нам жыць замінае".

Пікетчыкі выклікалі міліцыю, але нападнікі паспелі ўцячы. Цяпер міліцыянты пастаянна дзяжураць каля пікету ў падтрымку Лукашэнкі, каб прадухіліць падобныя інцыдэнты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі