У Гомельскім раёне злавілі кіроўцу з пасведчаннем часоў СССР
Пры гэтым рарытэтны дакумент належаў іншаму чалавеку.
На аўтадарозе Мінск — Гомель супрацоўнікі ДАІ затрымалі кіроўцу, у якога не было дакументаў на права кіравання аўтамабілем. Яны спынілі аўтамабіль "ВАЗ 21214", вадзіцель якога перадаў ім пасведчанне часоў СССР. Высветлілася, што яно яму не належала, фота ў ім было іншага чалавека. Пры гэтым мужчына ўпарта сцвярджаў, што дакумент ягоны.
Як паведамляе прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці, высветлілася, што кіроўца — жыхар аграгарадка Мічурынскі Гомельскага раёна. Тры гады таму яго пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі за тое, што сеў за руль у стане алкагольнага ап'янення.
У адносінах кіроўцы склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Па факце падробкі дакумента праводзіцца праверка.