У Гродне пра заробак у 1067 рублёў: Можа, чароўная палачка нам дапаможа

У Гродне пра заробак у 1067 рублёў: Можа, чароўная палачка нам дапаможа

Сярэднемесячны заробак у Гродне павінен быць не менш як 1067,5 рубля. Ліст за подпісам старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя з напамінам атрымалі кіраўнікі прадпрыемстваў горада. А каб праілюстраваць выкананне задання, у Гродзенскі гарвыканкам запатрабавалі даслаць планы-графікі росту заробкаў.

А калі прадпрыемствы не справяцца з невыкананнем “задання”, якія санкцыі прадугледжаныя? У пошуках адказу на гэта пытанне звяртаюся ў гарвыканкам. Праўда, размаўляць са мной там пагаджаюцца толькі на ўмове, што “я каментарыі даваць не ўпаўнаважаны і проста як грамадзянін грамадзяніну магу вам сказаць”. Тым не менш, суразмоўца здзіўляецца пытанню.

“Якія могуць быць у прынцыпе пакаранні, калі мы ўсе зацікаўленыя ў росце заробкаў? І кожны, калі робіць нешта, робіць сам, добраахвотна. Як грамадзянін грамадзяніну магу сказаць: вядома, мы верым, што ў нас будуць выкананыя ўсе даведзеныя паказчыкі. Але не таму, што мы некаму пагражаем ці некага караем. Ніхто сёння не будзе нарошчваць заробак, калі няма росту выручкі і не дазваляе эканамічны стан прадпрыемства ― гэта адназначна”.

Па словах супрацоўніка Гродзенскага гарвыканкама, ліст гэты ўвогуле нельга лічыць загадам.

― Загад прыватнаму незалежнаму прадпрыемству даць, вядома, ніхто не можа паводле закону, а закон для нас вышэй за ўсё”.

Еўрарадыё: А дзяржаўнаму прадпрыемству?

― З дзяржаўным прадпрыемствам тое ж самае. У нас ёсць схема працы, згодна з даведзенымі бізнэс-планамі і праграмай сацразвіцця. Сёння ўсё ў форме дыялогу. І я ўпэўнены, што знаходзяцца кропкі сутыкнення. Вось, у такім ключы, не больш за тое.

Ці сапраўды яны так лёгка знаходзяцца, тыя кропкі сутыкнення ў пытанні росту заробкаў?

Па словах галоўнага інжынера абутковай фабрыкі “Нёман” Аляксандра Мушакова, у іх сярэдні заробак каля 780 рублёў у месяц. Заробак у 1067 рублёў яны, прызнаецца мой суразмоўца, наўрад ці зробяць.

“Крыху павысім заробкі, але, вядома ж, не выцягнем (1067,5 рубля, сярэднемесячны заробак ў снежні). Хочам, але гэта не атрымаецца. Мы ж усе бачым. Што гэта фантастыка… І так добра, хоць нешта крыху ўзнялося. А то ж было зусім не вельмі добра. А так ужо людзі крыху пачынаюць дыхаць. А ўвогуле, самы просты спосаб — зрабіць валюту на 30% таннейшай, і вось вам тыя “па 500” долараў! Вось, гэта бухгалтарскі ўлік! І ўсё тады стане зразумелым, не трэба нікога будзе караць”, ― прапануе галоўны інжынер “Нёмана”.

На пытанне пра магчымае пакаранне ён адказвае сваім пытаннем:

― Якія, як вы думаеце, можна санкцыі да нас ужыць?

― Можа, дырэктара “на прапрацоўку” ў выканкам выклічуць…

― Ну, дык выклікаюць туды кожны дзень, кожны месяц ― і што? Ну, пагаварылі, наколькі могуць, на столькі падымуць заробкі. Апроч жадання, ёсць яшчэ: на аднаго працуючага вырабатка павінна быць і гэтак далей, там шмат усяго. Вы не чыталі сёння пра тое, на колькі бюджэтнікам ўзнімаюць заробак? Абяцаюць у снежні да 800 рублёў. Мне вось нават цікава, за кошт каго яны гэта зробяць? Можа быць, як кажуць, чароўная палачка дапаможа. У нас, вядома, ёсць праекты, але як яны ў нас атрымаюцца, я не хачу загадваць і баюся сурочыць.

Мой суразмоўца запэўнівае: больш-менш блізкія да запланаваных гарвыканкамам заробкі толькі на двух прадпрыемствах Гродна ― Гродна-Азот і тытунёвай фабрыцы. Ва ўсіх астатніх яна на ўзроўні ад 500 да 800 рублёў. І скокнуць адразу да 1067 рублёў і 50 капеек ніхто не зможа. Бо ёсць эканамічныя законы, якія не пераскочыць з дапамогай загадаў, кажа эканаміст Леанід Заіка.

Заіка: “З такім жа поспехам яны могуць выдаць загад, што Гродзенская вобласць заўтра ляціць на Марс, ніхто не перашкаджае. Але ёсць эканамічныя законы, і вы іх не пераскочыце. Заробак не вызначаецца, ён павінен быць роўны кошту працоўнай сілы”.

Які цяпер заробак у самім Гродзенскім гарвыканкаме, там казаць адмаўляюцца. І перанакіроўваюць на сайт Белстата. Але там ёсць толькі сярэднемесячны заробак па Гродзенскай вобласці. І ён складае 739,4 рубля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі