У Гродне прадпрымальнікі выйшлі на працу, але не гандлявалі (фота)
Многія не паверылі "на слова" выступу намесніка міністра эканомікі аб лаяльных адносінах кантралюючых органаў.
1 сакавіка на трох буйных рынках Гродна адкрыліся толькі палаткі, у гаспадароў якіх ёсць дакументы на тавар. Астатнія прадаўцы без афіцыйнай адтэрміноўкі ўказа № 222 працаваць не адважыліся, не паверыўшы "на слова" выступу намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога аб лаяльных адносінах кантралюючых органаў.
На Паўднёвы рынак, дзе апранаецца большасць гродзенцаў, маршруткі прыязджалі запоўненыя людзьмі. Многія з пасажыраў думалі, што тэрміны продажу рэшткаў тавараў лёгкай прамысловасці ўжо перанеслі, таму выбраліся на рынак у выхадны дзень. Аднак, у першы дзень вясны на рынку, у асноўным, працавалі прадаўцы беларускага тавару. Былі і тыя, хто паспеў сертыфікаваць тавар ці афіцыйна купіў яго ў Расеі з дакументамі. Астатнія прадпрымальнікі свае боксы не адчынілі. Яны стаялі групамі па 10-20 чалавек і абмяркоўвалі, што рабіць далей.
На Цэнтральным рынку прыйшлі на працу адзінкі. Многія засталіся дома ў чаканні афіцыйнага дакумента ад беларускага ўрада. На рынку "Карона" актыўна працавала зала, дзе размяшчаюцца крамы прыватных прадпрыемстваў. Тры залы, дзе працуюць, у асноўным прадпрымальнікі, працавалі, але не ў поўную сілу. Большасць павільёнаў былі зачыненыя. На некаторых віселі таблічкі пра адпачынак і выхадны.
"Пакуль не будзе афіцыйнага дакумента, які дазваляе працаваць, мы гандляваць не можам. Калі ж прыйдзе падатковая праверка, словы чыноўніка з Міністэрства яе не адменяць і штраф за нас не заплаціць ніхто", — разважае адзін з мясцовых прадпрымальнікаў.
Іпэшнікі са “Жданоў” масава сышлі ў адпачынкі, працуюць адзінкі (фота)
Віцебскія рынкі 1 сакавіка не працуюць (фота)
Каля 80% індывідуальных прадпрымальнікаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі 1 сакавіка не выйшлі на працу. Такую лічбу агенцтву БелаПАН назвалі ў РГА "Перспектыва", якое аб'ядноўвае дробных прадпрымальнікаў.