У Гродне прапануюць свае лекі ад "свінога грыпу"

Пакуль найлепшыя розумы свету ламаюць галовы над чарговай антывіруснай вакцынай, на звычайным аўтобусным прыпынку ў Гродне вам сходу прапануюць вылечыцца ад грыпу. А адначасова — і добра падзарабіць! На прыпынках грамадскага транспарту ў Гродне з’явіліся незвычайныя абвесткі з прапановай папярэдзіць альбо вылечыць найноўшую бядоту чалавецтва — грып. Еўрарадыё не здолела прайсці міма патэнцыйнай сенсацыі і патэлефанавала па пазначаным у абвестцы нумары.

Малады чалавек на іншым канцы дроту аказаўся прадстаўніком карпарацыі Nature Sunshine Products. Як вядома, NSP займаецца продажам касметыкі і харчовых дадаткаў па ўсім свеце. Аднак час дыктуе свае ўмовы. І таму прадстаўнік карпарацыі ў Гродне перакананы, што прадуктамі гэтай кампаніі можна вылечыць і гэткую раскручаную хваробу, як грып.

Прадавец: “Супрацьвірусныя прэпараты найперш, імунная сістэма і гэтак далей. Садзейнічаю, напрыклад, у набыцці. Ёсць папросту рэчы, якія прадаюцца толькі праз фірмовыя аптэкі. Nature Sunshine Products — чулі што-небудзь? Вытворца, у прынцыпе, прадукцыі. Ну, увогуле ён адзін з сусветных лідэраў у вытворчасці прадукцыі для здароўя. Увесь час раблю замову, нешта раблю пад замову. А недзе ўжо ў наступным годзе, можа ў студзені, адкрыем фірмовую аптэку ў Гродне. Папросту тут зараз па арэндзе вырашаецца. Таму сёння можна праз мяне ўсе гэтыя пытанні развязваць. Ну, мне папросту хацелася б з вамі сустрэцца і гэта паказаць. Таму што — ну што па тэлефоне?”

І сапраўды — ну што па тэлефоне? Хай сярод травак ад NSP і не знайсці вядомых “Таміфлю”, “Рылензы” ці айчыннага “Арпетолу”, але тэлефонны нумар дае не менш прывабны выбар: вылечыцца ад грыпу альбо зарабіць! На суседняй абвестцы з аналагічнымі кантактамі кожнаму ахвотніку прапануецца “дадатковы даход для сур’ёзных людзей, навучанне за кошт фірмы, занятасць 2-3 гадзіны за дзень”!

Гродзенскі прадавец касметыкі і харчовых дадаткаў на пытанне Еўрарадыё пра магчымасць працаўладкавацца зноўку прапанаваў выбраць: не хочаце лячыцца ад грыпу — давайце лячыць іншых разам!

Прадавец: “Ну, такія тры асноўныя віды дзейнасці: арганізатарская, рэкламна-інфармацыйная і падпісанне дамоваў. Калі ў вас ёсць дух прадпрымальніцтва — у вас ёсць вельмі добрыя перспектывы і магчымасці”.

Еўрарадыё ад гэткіх прывабных прапановаў, аднак, адмовілася. Лячыцца ад грыпу ўсё-ткі надзейней з дапамогай спецыялістаў, а не сеткавага маркетынгу. А зарабляць на жыццё ўсё-ткі лепш, падаючы сваёй аўдыторыі праўдзівую інфармацыю.



Фота з bymedia.net і Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі