Лукашэнка падаў дакументы ў ЦВК, у ініцыятыўнай групе 10 500 чалавек

Ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі стала першай, спісы сябраў якой былі пададзеныя ў ЦВК на рэгістрацыю. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Лазавік: “У 10 гадзін 40 хвілін кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Арда прадставіў заяву і спіс ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча. Агульны склад групы каля 10,5 тысячы чалавек, якія прадстаўляюць усе рэгіёны Рэспублікі Беларусь і зараз Цэнтральная камісія працуе з гэтымі дакументамі”.

Адзначым, што Міхаіл Арда — старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Нягледзячы на тое, што спісы ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі першымі трапілі ў ЦВК і, верагодна, яна першай будзе зарэгістраваная, збіраць подпісы за вылучэнне свайго прэтэндэнта кандыдатам у прэзідэнты ўсе зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы пачнуць адначасова — 23 ліпеня.

Нагадаем, на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі ачольваў Леанід Сініцын, будучы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Знайсці дакладную лічбу ўдзельнікаў ініцыятыўнай групы не ўдалося, але па колькасці яна была найменшай за ўсе прэзідэнцкія выбары, у якіх удзельнічаў Аляксандр Лукашэнка.

На выбарах 2001-га ў ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўваходзілі 3 830 чалавек. Яе кіраўніком быў Мікалай Чаргінец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

На прэзідэнцкіх выбарах 2006 года ў ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі былі 6 212 чалавек. Яе ачольваў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман. Пасля выбараў ён стаў дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі.

На выбарах 2010 года ў складзе ініцыятыўнай групы Лукашэнкі было 8 403 чалавекі. Яе кіраўніком быў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Пасля выбараў ён стаў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Фота з сацсетак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі