У інтэрнэце штодзённа публікуюцца разведвальныя зводкі беларускіх партызанаў
У інтэрнэце штодзённа публікуюцца разведвальныя зводкі Беларускага штабу партызанскага [савецкага] руху. Праект рэалізуе Нацыянальны архіў Беларусі, ён прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення ад нацысцкіх захопнікаў. Дакументы адносяцца да студзеня-ліпеня 1944 года. НАРБ адзначае, што гэтыя разведзводкі застаюцца малавядомымі нават для прафесійных гісторыкаў. Такім чынам у навуковы абарот уводзяцца новыя дадзеныя.
Разведвальныя зводкі будуць змяшчацца на сайце архіву па прынцыпе "каляндарнай хронікі" — паслядоўна, у адпаведнасці з датамі іх стварэння. Пакуль там з'явіліся адсканаваныя старонкі дакумента за 3 студзеня 1944-га. Зводкі БШПР складаліся паводле паведамленняў савецкіх партызанаў з усёй тэрыторыі рэспублікі, якія сістэматызаваліся і аналізаваліся ў Маскве. У першым дакуменце згадваецца фальшывы аэрадром у 7 км ад Мінска, створаны нямецкімі акупантамі. Паведамляецца, што "турмы Бабруйскай крэпасці перапоўнены дэзэртырамі-немцамі". Ёсць і інфармацыя пра забарону ў жніўні 1943 года нямецкімі вайсковымі ўладамі распаўсюду на частцы тэрыторыі Беларусі берлінскай беларускамоўнай газеты пад назвай "Разевка" (верагодна, у дакуменце памылка, насамрэч у Берліне выходзіла газета "Раніца").