У Курапатах шлагбаўмамі перакрылі ўезд для аўто (фота)

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла грамадзянская актывістка Ганна Шапуцька, якая ўчора ўвечары брала ўдзел у традыцыйнай талацэ ў Курапатах. Шлагбаўмы перакрылі абодва ўезды ў Курапаты. Каля іх забетанаваныя жалезныя слупы — каб шлагбаўмы немагчыма было аб’ехаць па збочыне. Пакуль невядома, хто дакладна ўсталяваў агароджы — прадстаўнікі ўлады, ці актывісты КХП БНФ, якія ўжо шмат гадоў апякаюцца мемарыялам на месцы сталінскіх расстрэлаў.

 

Аднак, паводле словаў спадарыні Ганны, учора ў Курапатах прысутнічаў адзін з актывістаў КХП БНФ, які выказваў абурэнне з’яўленнем шлагбаўмаў. Цяпер на тэрыторыю мемарыяла немагчыма заехаць не толькі выпадковым аўто, але і валанцёрам — напрыклад, для прыборкі смецця.

 

Як зазначае Ганна Шапуцька, у з’яўленні агароджаў ёсць і станоўчы бок. Неаднойчы актывістка на свае вочы бачыла, як абыякавыя да крыжоў грамадзяне прыязджалі сюды смажыць шашлыкі. А аднойчы, падчас талакі, валанцёры ўпільнавалі таксіста, які проста ў Курапацкім лесе займаўся распустай з дзяўчынай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі