У Курскай вобласці ўкраінскія войскі ўзялі ў палон амаль 600 расіян — Сырскі
Расійскія вайскоўцы, якія трапілі ва ўкраінскі палон
У Курскай вобласці РФ у жніўні 2024-га ўкраінскія войскі ўзялі ў палон амаль 600 расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта ў аўторак заявіў галоўнакамандубчы УСУ Аляксандр Сырскі, піша hromadske.ua. Дагэтуль афіцыйнай інфармацыі не было, называліся самыя розныя лічбы — аж да 2 тысяч палонных. 24 жніўня прайшоў абмен ваеннапалоннымі па формуле “115 на 115”. У РФ вярнулася частка салдат тэрміновай службы, якія трапілі ва ўкраінскі палон.
Сырскі паведаміў, што расійскае камандаванне перакінула ў Курскую вобласць з мэтай выцяснення ўкраінскіх падраздзяленняў ужо каля 30 тысяч сваіх салдат. І іх колькасць павялічваецца. Для гэтага здымаюцца падраздзяленні з іншых напрамкаў фронту. Аднак з пакроўскага напрамку, дзе працягваецца расійскі наступ, салдат не здымаюць. Наадварот, яны атрымліваюць падмацаванні. І ў гэтым надзеі камандавання УСУ не апраўдаліся.
Украіна праводзіць наступальную аперацыю пад Курскам з 6 жніўня. На сённяшні дзень УСУ кантралююць 1294 квадратных кіламетраў тэрыторыі Курскай вобласці, сотню населеных пунктаў. І ўкраінскія байцы працягваюць прасоўвацца далей, сцвярджае Аляксандр Сырскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.