У Літве затрыманы футбаліст зборнай Беларусі

12 сакавіка ў блогах з’явілася інфармацыя пра тое, што гульца нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе і літоўскага клуба “Каўнас” Алега Страхановіча ў нецвярозым стане знялі з цягніка “Мінск-Вільня” на беларуска-літоўскай мяжы. Прадчуваючы скандал, мы знайшлі аўтара гэтага поста – жж-юзера kauboj, які сапраўды ехаў у Вільню адным вагонам са Страхановічам і Вячаславам Глебам – іншым беларускім легіянерам “Каўнаса”.

Па словах kauboj’a, усю дарогу да мяжы футбалісты, не саромячыся іншых пасажыраў цягніка, ужывалі нешта бранябойнае.

Сведка: “Беларускія памежнікі іх пазналі і асабліва заўвагаў не рабілі, а вось на памежным пункце Кяна зайшлі літоўцы, і адразу пачаліся пытанні, і была вельмі-вельмі неадэкватная брудная лаянка ў адказ.

Яны ўпіралі, што едуць граць за клуб “Каўнас”, але памежнікі, мабыць, балелі за “Жальгірыс”.

У выніку паўабаронцу нацыянальнай зборнай Беларусі Алега Страхановіча скруцілі і вывелі з цягніка. Вячаслаў Глеб, пабачыўшы гэта, суцішыўся і не стаў заступацца за сябра.
Спраўдзіць гэтую інфармацыю было надзвычай складана.

У Літве ўчора быў выходны – нашыя паўночныя суседзі адпачывалі пасля Дня аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці, святкаванне якога выпадае на 11-е сакавіка.

Абарваўшы тэлефоны тузіна літоўскіх памежнікаў і чыноўнікаў, журналісты Еўрарадыё выйшлі на Сігітаса Шукаўскаса, дзяжурнага Віленскага атраду Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літоўскай Рэспублікі ў Міцкунай, якому падпарадкоўваецца памежны пост у Кяне.

Сігітас Шукаўскас: “Алег Стра-ха-новіч? Першыя звесткі такія: ён у нецвярозым стане штурхаў правадніцу, пагражаў…Звярнуліся да нас. Мы знялі яго з цягніка і перадалі ў паліцыю ў выцвярэзнік. Канфлікт там нейкі быў. А так – дакуманты ў яго былі ў парадку”.

Спадар Шукаўскас паведаміў, што на момант высадкі з цягніка ў крыві Алега Страхановіча было 1,8 праміле алкаголю – гэта прыкладна адпавядае 400 грамам гарэлкі.

Сведка: “Нават на памежным пункце - там крама бязмытнага гандлю… Спадар Страхановіч гэтым скарыстаўся і набыў яшчэ бутэлечку”.

Лепш бы “Страх” не бегаў у duty-free… Праўда, здольнасць беларускага футбаліста трымацца на нагах пасля такой дозы алкаголю не можа не выклікаць захаплення.

Трэба спадзявацца, што падчас матчу адборачнага цыклу Чэмпіяната Еўропы 2008 супраць каманды Люксембурга наш паўабаронца прадэманструе такую ж непахісную ўстойлівасць.

Юры Пунтус выклікаў на гэтую гульню, што адбудзецца 24 сакавіка, і Алега Страхановіча, і Вячаслава Глеба…

Нават сорамна прызнавацца, але пра прыгоды футбалістаў на беларуска-літоўскай мяжы Юрый Іосіфавіч нічога не ведаў да нашага тэлефанавання.

Юры Пунтус: “Ніхто мне не казаў… Ён трэніруецца ў Каўнасе, таму мне неяк цяжка пакуль што ў гэта паверыць! Дзякуй за інфармацыю, я пакуль што нічога не адкажу, таму што… я пагутару з футбалістамі, даведаюся, і тады неяк мне будзе…”

Кажуць, што літоўскі Каўнас для малодшага Глеба і Алега Страхановіча – гэта толькі прыступка на шляху да больш значнага трансфера ў “Хартс” з Эдзінбурга.

Але, каб мець права граць у шатландскай прэм’ер-лізе, беларускім футбалістам трэба пакінуць за плячыма пэўную колькасць матчаў за нацыянальную зборную сваёй краіны.

Таму падчас гульні з Люксембургам абодва “спартоўцы”, хутчэй за ўсё, з’явяцца на полі. Што ж, чарговы раз пажадаем нашым удачы... Але асабіста я не здзіўлюся перамозе сборнай Люксембурга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі