У Львове праходзіць фестываль Be Free

Міжнародны фестываль Be Free пачаўся сёння ў Львове. У ім прымаюць удзел музыкі з Польшчы, Украіны, Францыі, а таксама зоркі і маладыя гурты з Беларусі. Першы дзень фэсту распачаўся з канцэрту гуртоў-пераможцаў конкурсу на Еўрарадыё. Нагадаем, фестываль Be Free арганізавалі Еўрарадыё, BMA Group i ініцыятыва "Студфармат". Гэта ўжо другі фэст Be Free, першы прайшоў летась таксама ва Украіне, у Луцку (на здымку).

Як адзначае "Наша ніва", насуперак папярэджанням пра ўзмоцнены памежны кантроль удзельнікі фэсту перасяклі мяжу без праблемаў. Абедзьве памежныя службы паставіліся да ўдзельнікаў максімальна карэктна.

Аб 11-й у Парку культуры імя Багдана Хмяльніцкага ў Львове распачаўся саўнд-чэк. Афіцыйны пачатак Be Free быў запланаваны а 14-й гадзіне. Аднак канцэрт распачаўся амаль праз гадзіну.

Сённяшні фестываль распачаў Аляксандр Памідораў. Мы па-ранейшаму не можам ладзіць такія маштабныя акцыі ў сябе на Радзіме, таму падзякуем Украіне за тое, што другі год запар яна дае нам такую магчымасць, заўважыў музыка.

Побач з пляцоўкай сабраліся некалькі соцен чалавек. Над імі лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі.

Сёння ў праграме таксама гурты BN, Partyzone, Pomidor/OFF, Znich, Zygimont Vaza, Zet (усе - Беларусь), Інкунабула, Гайдамакі (Украіна), Vladivostok (Францыя), паведамляе nn.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі