У Мастоўскім раёне "мэтавік"-педагог папрасіўся кантрактнікам у войска

Хлопец папрасіў паскорыць працэс пераводу ў войска

Хлопец папрасіў паскорыць працэс пераводу ў войска / mosty-zara.by

У Мастоўскім раёне "мэтавік"-педагог папрасіўся кантрактнікам у войска. Па дапамогу ён звярнуўся да старшыні райвыканкама Андрэя Санько.

Раённая газета піша, што "малады спецыяліст, які працуе ў сістэме адукацыі, пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы выявіў жаданне працягнуць яе на аснове кантракту". І ёсць адпаведныя дакументы з вайсковай часці. Хлопец папрасіў паскорыць працэс пераводу ў войска.

"Пахвальна імкненне маладога чалавека служыць Радзіме, — кажа старшыня Мастоўскага райвыканкама. — Перашкод у пераводзе няма. Але паколькі ён з'яўляецца "мэтавіком", то механізм ўзгаднення патрабуе праходжання пэўных працэдур".

Педагогу патлумачылі "паслядоўнасць дзеянняў". "Паскорыць працэс", відаць, не атрымалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.