У Мазыры п'яны мужчына галавой атакаваў вітрыну ў аптэцы
У Мазыры п'яны мужчына галавой атакаваў вітрыну ў аптэцы. Ён разбіў яе і з месца здарэння ўцёк. Але пазней міліцыянеры яго знайшлі і затрымалі. Як паведамляе прэс-служба МУС, здарэнне адбылося ўдзень 6 ліпеня. Трывожны сігнал паступіў з аптэкі на пульт раённай аховы. Калі нарад міліцыі прыбыў на месца, зламыснік ужо збег. Фармацэўт расказала, што спачатку невядомы мужчына пасварыўся з іншым наведвальнікам, а пасля разбіў вітрыну.
Хулігана па прыкметах знайшлі каля суседняй крамы. Там ён ужо паспеў пасварыцца з прадаўцом. Мужчыне 34 гады. Паводле яго слоў, прычынай агрэсіі стала адсутнасць настойкі Календулы, якую ён планаваў выпіць замест алкаголя (дарэчы, у яго выявілі 2,4 праміле). Цяпер затрыманы знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Па факце хуліганства была распачата крымінальная справа. Толькі сёлета жыхара Мазыра дзесяць раз прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці — за наўмыснае пашкоджанне маёмасці, за дробнае хуліганства, за распіццё алкаголю ці з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.