У Мінэнерга пракаментавалі адмену візіту на БелАЭС еўрапейскіх экспертаў
У Мінэнерга пракаментавалі адмену візіту на Беларускую АЭС еўрапейскіх экспертаў, якія прадстаўляюць Еўракамісію і Еўрапейскую групу рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі. Эксперты з Бельгіі, Аўстрыі, Германіі, Украіны і Фінляндыі збіраліся працаваць у нашай краіне (у тым ліку і на станцыі ў Астравецкім раёне) 16-18 снежня.
Па адной з версій, візіт не адбыўся нібыта з-за складанай сітуацыі з пандэміяй каранавіруса. Мінэнерга згадвае адмену візіту, але не ўдакладняе прычыну. Але, як паведамляе БелаПАН, камісар ЕС па энергетыцы Кадры Сімсан спаслалася на тое, што "беларускі рэгулятар не ўдзельнічаў у тэхнічнай нарадзе", а яна "неабходная для падрыхтоўкі візіту каманды ENSREG". "У такіх абставінах фізічны візіт не меў бы ніякага сэнсу", — заявіла яна.
Прэс-служба Мінэнерга Беларусі піша ў Telegram, што для працы экспертаў "на БелАЭС былі створаны ўсе неабходныя ўмовы", "дэталёва прапрацавана праграма... падрыхтаваны адпаведныя матэрыялы... вырашаны арганізацыйныя пытанні з тым, каб стварыць камфортныя ўмовы для працы экспертнай групы". А візіт адмянілі. Тым не менш, беларускі бок заяўляе, што нацэлены "на далейшае ўзаемадзеянне з экспертамі ENSREG і разлічвае на канструктыўнае супрацоўніцтва".
Праблемай бяспекі Беларускай АЭС заклапочана Літва, якая прасіла ўлады нашай краіны не запускаць першы энергаблок станцыі. Тым больш, што апошнім часам там адбыліся некалькі інцыдэнтаў. У Мінску запэўніваюць, што бяспека БелАЭС забяспечаная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.