У Мінску адкрываецца адразу некалькі вялікіх канцэртных пляцовак
Месца пад оўпэн-эйры рыхтуе Robinson Club, “Чыжоўка-Арэна” прымае да 9 тысяч меламанаў, а ГЦ “Замак” робіць стаўку на папулярных рокераў.
Сёлета ў Мінску адкрыецца адразу некалькі новых вялікіх канцэртных пляцовак. Ужо цяпер чакае прапановаў на правядзенне любых мерапрыемстваў вялікая пляцоўка “Чыжоўка-Арэны”. Першыя не спартовыя мерапрыемствы там запланаваныя на 22-23 лютага: лядовае шоў “Маскоўскага Цырка Нікуліна на Цвятным бульвары”. Таксама вядуцца перамовы з Яўгенам Плюшчанкам наконт лядовага “Шоў чэмпіёнаў”.
“Цяпер мы вядзем перамовы з рознымі прамоўтэрамі і плануем, што з часам будзем праводзіць і канцэрты, — дзеліцца ідэямі кіраўнік аддзела культурна-відовішчных мерапрыемстваў “Чыжоўка-Арэны” Аляксандр Мятнёў. — Я лічу, што наша пляцоўка — нядрэнны варыянт, бо “Мінск-Арэна” разлічаная на 15 тысяч, а іншыя пляцоўкі кшталту Палаца Спорту, Палаца Рэспублікі — дзесьці па 2 тысячы. У нас жа ўмяшчальнасць да 9 тысяч — такая залатая сярэдзіна, якая, у прынцыпе, можа быць запатрабаванай”.
У красавіку плануецца адкрыццё вялікага рэстарана-піваварні “Друзья” па адрасе Кульман, 40. Умяшчальнасць памяшкання — 700 чалавек, плюс летні Beer Garden на 300-350 наведвальнікаў. Натуральна, плануецца і забаўляльная праграма. Прычым, стваральнікі рэстарана не будуць замыкацца на адным музычным накірунку.
“Магу сказаць, што гэта будзе жывы гук, — распавядае дырэктар па маркетынгу рэстарана “Друзья” Вольга Сотнікава. — Гучаць будзе і рок, і блюз, і джаз, і ў некаторай ступені нават рэп ды фолк. То бок мы нічым не абмяжоўваемся, хоць магу дакладна сказаць, што ў нас не будзе гучаць адкрытай папсы. У нас будзе два “хоўм-бэнды”, але ў чацвер, пятніцу, суботу, хутчэй за ўсё, будуць запрошаныя гурты. Праўда, пакуль не ведаю, ці будзем мы рабіць стаўку на кавер-бэнды”.
Вялікую пляцоўку пад летнія оўпэн-эйры рыхтуе Robinson Club, які знаходзіцца ў 7 кіламетрах ад Мінска. Месца там хопіць на 7 тысяч гледачоў, калі спатрэбіцца, то намётавыя мястэчкі, харчаванне і розныя забавы на свежым паветры таксама могуць з’явіцца.
“Калі з’явяцца жадаючыя, магчыма, з’явіцца і прапанова, — разважае наконт магчымасці арганізаваць оўпэн-эйр арт-дырэктар Robinson Вольга Шарова. — Пакуль мы не ідзем ад зваротнага і прапанову не фармуем, бо не зусім ведаем, ці трэба нам гэта. Летась мы дастаткова ўдала ладзілі ўласныя канцэрты, не здаючы пляцоўку ў арэнду. Цяпер разважаем, ці не варта і сёлета гэтак сама паступіць”.
Адкрыццё новай оўпэн-эйр пляцоўкі Robinson Club папярэдне плануецца на травень-чэрвень. Але пакуль нават спіс магчымых выступоўцаў не складзены, так што, анансаваць нешта рана. Звычайныя ж канцэрты замежных зорак цяпер пераедуць у Мінску на яшчэ адну новую пляцоўку — “Канцэрт-Хол” на 4 паверсе ГЦ “Замак”, які адкрыецца восенню.
“Наша зала будзе працаваць у некалькіх фарматах, і падчас сваёй максімальнай умяшчальнасці можна казаць пра 2 тысячы чалавек. Напрыклад, падчас стаячага рок-канцэрта, — распавядае кіраўнік аддзела маркетынгу Кацярына Цыновіч. — У сярэднім, мы кажам пра 1,5 тысячы чалавек. Што тычыцца непасрэдна выступаў, то канцэрты, на якіх граюць невядома якія музыкі, а пад канец добрай колькасці моладзі дрэнна, у нас праводзіцца не будуць. Колькі б не прапаноўвалі за арэнду. А калі гэта якасны канцэрт папулярнага рок-гурта, то калі ласка”.
Плануецца адкрыццё канцэртнага клуба ў першым мінскім “Аквапарку”. Вядзецца гаворка і пра некалькі іншых пляцовак, але стваральнікі пакуль не жадаюць пра гэта распавядаць, бо “яшчэ нічога не зроблена, і казаць, адпаведна, няма чаго”.