У Мінску адкрываюцца курсы “Мова нанова”

Курсы распачалі філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. Мінулы год Алеся і Глеб выкладалі на курсах “Мова ці кава”, а цяпер вырашылі стварыць уласны праект.


Вось што распавёў Еўрарадыё Глеб Лабадзенка:



"Мэта праекту — зрабіць вывучэнне беларускай мовы лёгкім і нязмушаным. Для тых, хто даўно думаў пра гэта, але не ведаў, куды падацца. Таму мы чакаем на курсах людзей, якія зусім не ўмеюць размаўляць па-беларуску, але хочуць, тых, хто ўмее, але хоча палепшыць сваю мову. І тых, хто размаўляе добра, але проста хоча знайсці новых сяброў і аднадумцаў".



Паводле яго слоў, назва “Мова нанова” падкрэслівае, што ў сённяшні час беларусам трэба вучыць “родную мову” нанова. Заняткі будуць адбывацца ў нязмушанай атмасферы, слухачам прапануецца бясплатная кава і гарбата.



Ужо ў бліжэйшы час на курсах чакаюцца госці — пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі, паэт Генадзь Бураўкін, філосаф Валянцін Акудовіч. Плануецца запрашаць таксама замежнікаў, якія вывучылі беларускую мову — амерыканцаў, шведаў, немцаў, англічан, літоўцаў, палякаў.



На першым занятку, які адбудзецца 13 снежня а 19.00 у Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а), студэнты навучацца слушна віншаваць па-беларуску, сустрэнуцца з беларускамоўным хлебапёкам з Верхнядзвінску, пачытаюць “Нашу Ніву” за 1906 год, а таксама пачуюць выступ гурта HandmadE.



Суполку курсаў можна знайсці ў фэйсбуку.
 

Варта адзначыць, што праект "Мова ці кава" захаваецца, ён пройдзе ў прасторы ЦЭХ (праспект Незалежнасці, 58, корпус 6 — уваход праз вуліцу П. Броўкі). Заняткі будуць весці Алесь Залеўскі, Уладзь Лянкевіч ды інш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі