У Мінску атруцілі газоны, змагаючыся з дзьмухаўцамі

Хадзіць па газонах цяпер небяспечна, тым больш, адпускаць на іх дзяцей. “Мінскзеленбуд” палівае хімічнымі растворамі дзьмухаўцы, якія растуць уздоўж вуліц, у парках і на бульварах. Цяпер з дзьмухаўцамі змагаюцца не толькі ў цэнтры, але і па ўсім Мінску. Так улады змагаюцца з пустазеллем, каб яно не вяло да выраджэння прыгожых газонаў. Звычайнае скошванне плёну не прыносіць, кажа начальнік станцыі аховы УП “Мінскзеленбуд” Вольга Безік.

Вольга Безік: “У нас два прэпараты: “Лінтур” і “Лонтрел”. Яны спыняюць рост дзьмухаўцоў, паціху ідзе іх гібель, і газон ачышчаецца ад пустазелля. Адным прэпаратам за сезон – адна апрацоўка. У гэтым годзе мы выкарыстоўваем два – “Лінтур” увесну і “Лонтрел” у жніўні.

У “Мінсзеленбудзе” лічаць гэтыя хімікаты бяспечнымі.

Як даведалася Еўрарадыё, прэпараты ўздзейнічаюць на пустазелле такім чынам, што праз нейкі час яно засыхае і перастае вегетаваць. У расліны парушаюцца ўсе механізмы фотасінтэзу, і яна гіне. Увогуле існуе чатыры пакаленні гербіцыдаў; “Лінтур” і “Лонтрел” адносяцца да апошняга, чацвёртага.

Што тычыцца класу небяспекі, прэпараты належаць да 3-га, а часам і да 2-га класа. Плюс гэтых хімікатаў у тым, што іх дзеянне не такое працяглае, як іншых. Але яны ўсё роўна шкодныя, сцвярджае Зміцер Сініцкі, біёлаг-хімік, сябра арганізацыі “Экадом”.


Зміцер Сініцкі: “Яны дастаткова таксічныя. Іх перыяд разлажэння меншы, чым у іншых, але гэта ўсё роўна некалькі месяцаў, а то і паўгода. Пакуль хімікат не разлажыўся, ён ўяўляе небяспеку. Пры кантакце са скурай можа ўзнікнуць алергія, а калі дзіцё, напрыклад, панясе дзьмухавец ці пальцы ў рот – нават атручванне.

Наступствы гэтых прэпаратаў для арганізма насамрэч не вывучана дастаткова. Можа адбыцца тое ж, што калісьці было з вядомымі ДДТ і хлорданам: спачатку іх пачалі паўсюль выкарыстоўваць, сцвярджаць, што гэта выратаванне чалавецтва, і толькі праз 10-20 гадоў пачалі назапашвацца звесткі аб іх пабочных дзеяннях. Але тое, што гэтыя прэпараты выклікаюць атручванне, калі трапляюць у арганізм, – гэта бяспрэчна”.


Зміцер Сініцкі кажа, што месяц-два пасля апрацоўкі газона дзецям і жывёлам лепш там не гуляць. Вольга Безік паведаміла Еўрарадыё, што ад моманту, калі хімікат трапіў на расліны, да іх скосу праходзіць больш за 20 дзён. Значыць, ад сярэдзіны вясны да канца лета будзе 40 дзён, калі сядзець на траўцы можа быць небяспечна. На заканчэнне – пра мары “Мінскзеленбуда”.

Вольга Безік
: “Калі прылеглыя тэрыторыі не апрацоўваць, то, канешне, дзьмухавец засяляецца па-новаму. Таму ідэальна было б увогуле апрацаваць усе тэрыторыі, дзе ёсць дзьмухаўцы, каб яны не распаўсюджваліся”.

Дарэчы, уздзеянне на жывёл гэтых прэпаратаў такое ж, як на людзей. Іх таксама цяпер могуць атруціць дзьмухаўцы.

Застаецца ўважліва сачыць за газонамі пад уласнымі вокнамі – і адлічваць дні пасля і іх апрацоўкі.


Фота — photofile.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі