У Мінску невядомыя зламыснікі скралі аэрастат

Невядомыя зламыснікі скралі аэрастат, што быў прывязаны на даху выставачнага комплексу ў Мінску. Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 24 на 25 красавіка ў футбольным манежы, пераабсталяваным ў выставачную пляцоўку на час правядзення 14-й міжнароднай спецыялізаванай выставы "tibo". Шасціметровы рэкламны паветраны шар, які лунаў на трыццаціметровай вышыні належыў лідэру беларускага інтэрнет-рынку кампаніі "Адкрыты кантакт".

Увечары 24 красавіка прадстаўнікі кампаніі хацелі занесці аэрастат да ранку ў павільён, але арганізатары выставы сказалі, што будынак рэжымны, добра ахоўваецца і шар не знікне. Аднак раніцай аказалася, што тры тросы, якія ўтрымлівалі аэрастат, акуратна перарэзаны, а сам ён знік. На думку дырэктара “Адкрытага кантакта” шар паляцеў на захад, паколькі вецер быў з усходу.

У камандаванні паветраных войскаў Беларусі не маюць ніякай інфармацыі пра лёс аэрастата. Начальнік аховы выставы параіў пацярпелым звярнуцца ў міліцыю, адзначыўшы, што аэрастат быў размешчаны "па вуснай дамоўленасці" і акт аб прыняцці яго пад ахову адсутнічае.

А прадстаўнікі адміністрацыі футбольнага манежа прапанавалі праглядзець запісы камер назірання па перыметры будынка, адразу папярэдзіўшы, што на даху манежа такіх камер няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі