У Мінску падлетак на аўтамабілі бацькі збіў трохгадовага хлопчыка
15-гадовы юнак вырашыў "пакатацца" на машыне без дазволу і ўчыніў два дарожна-транспартныя здарэнні.
Трохгадовага хлопчыка, які з маці пераходзіў вуліцу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе, сёння збіў у Мінску аўтамабіль. Здарэнне адбылося каля 18.20 на вуліцы Судмаліса. Высветлілася, што легкавіком кіраваў 15-гадовы падлетак, які вырашыў "пакатацца" без дазволу бацькі. Дзіця апынулася ў бальніцы з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені.
Дарэчы, побач вуліцу пераходзіла яшчэ адна жанчына з дзіцёнкам. На шчасце, яны не пацярпелі. З месца здарэння зламыснік з'ехаў. Уцякаючы, хлопец у двары аднаго з дамоў па Партызанскім праспекце сутыкнуўся з прыпаркаваным аўтамабілем. Як стала вядома, у жніўні сёлета яго ўжо затрымлівалі праваахоўнікі за распіццё спіртных напояў, інфармуе БЕЛТА.
Сайт onliner.by дадае, што ў аўтамабілі знаходзілася кампанія падлеткаў. Іх аператыўна затрымалі, праводзіцца разбіральніцтва.
Фота — AFP