У Мінску паставілі музычны эксперымент: фэст IN Touch, дзень 1. (Фота)

Еўрарадыё пранікла ў самае сэрца беларускага клубнага андэграўнду, паразмаўляла з адэптамі і сфатаграфавала некалькі дзесяткаў электра-чалавекаў.
У апошнія дні зімы Мінск апанаваў двухдзённы фестываль эксперыментальнай клубнай музыкі. Называўся ён IN Touch, і быў арганізаваны з двух бакоў – аўстрыйскага (лэйбл LATON) і беларускага (прома групы Foundamenal і IN Touch).



Такога кшталту падзея адбылася ў Мінску ўпершыню. Да гэтага часу ахвотнікі музычных эксперыментаў ездзілі пераважна на піцерскі СКІФ, але той апошнім часам зусім сапсаваўся і стаў больш падобны на “музычную сметніцу”.



Тут жа беларусам прапанавалі багаты набор музыкаў і ды-джэяў, якія працуюць у жанры эксперыментальнай электронікі.





Аматарам року, імёны, можа, і невядомыя, але ў сваёй сферы – гэта зоркі сусветнага маштабу. Напрыклад, праект SIGNAL з Нямеччыны, ці Mika Vainio з Фінляндыі, больш вядомы па праекце Panasonic (пазней Pan Sonic).

Чаму такі фестываль прыйшоў у Беларусь, тлумачыць кіраўнік аўстра-расійскага лэйблу LATON, яна ж арганізатар фестывалю IN Touch з еўрапейскага боку – Ганна Ці (Anna Ceeh):

“Ідэя была ў тым, каб арганізаваць у Беларусі фестываль эксперыментальнай музыкі з артыстамі, які гастралююць па ўсім свеце, але ніколі не даязджаюць да вас. Бо Беларусь – гэта белая пляма на мапе Еўропы. Краіна стаіць неяк асобна ад усіх, і ў палітычным, і ў музычным плане.

Таму нам было цікава прывезці сюды такіх зорак, як, напрыклад, Mika Vainio. Цікава было даць прыклад, паказаць, што калі вы, беларусы, захочаце, увесь свет можа да вас прыйсці!”.



Ганна Ці таксама адзначыла, што фестываль стаў магчымы толькі таму, што ў Беларусі ўжо даўно існуюць і развіваюцца цікавыя музычныя плыні, ёсць шмат мясцовых музыкаў, суполка дае пра сябе знаць:

“Тут усё ж ёсць цікавая музычная сцэна. Напрыклад, у Малдавіі, якая таксама з’яўляецца “белай плямай”, да гэтай сцэны дакапацца немагчыма. Можа яна і ёсць, але музыкі ніякім чынам не даюць пра сябе ведаць.

А з Беларусі мы ведаем шмат цікавых праектаў, таму быў сэнс прыехаць менавіта туды, дзе ўжо нешта ёсць!”






Але давайце перанясемся ад арганізацыйных пытанняў амаль за горад, у клуб “Орион”, што ў Ждановічах, дзе 27 лютага распачаўся першы дзень фестывалю In Touch.


У праграме былі заяўлены нават лекцыі на тэму сучаснага эксперыментальнага мастацтва, але яны праходзілі так рана – а шостай гадзіне ўвечары – і так далёка ад горада, што, баімся, ніхто туды не прыйшоў.



Але пачынаючы з 21:00 у клуб пачалі паволі падцягвацца людзі, па адным, па два... Абяцаныя аўтобусы з Кастрычніцкай плошчы, здаецца, так і не даехалі.

Гэта мы так празрыста намякаем, што, калі арганізоўваць мерапрыемства далёка ад цэнтру горада, у першую чаргу трэба думаць пра тое, як даставіць туды людзей. Бадзяцца ноччу па Ждановічах у пошуках эксперыментальнага музону – не самы прыемны занятак.



Затое, хто не любіць вялікага натоўпу, маглі максімальна адпачнуць той ноччу: паўпустыя танцполы, шмат добрага пітва ў бары, праўда, цэны скакалі на адныя і тыя ж напоі як захочацца бармэну.





Нават прыйшлося дапамагчы цемнаскурай ды-джэйцы Чыла (Chilo) з Лондана, якая таксама выступала ў тую ноч, набываць ваду.

“Для мяне гэта каштуе 4 тысячы, а для цябе будзе 2. Набудзь, калі ласка!”
— папрасіла Чыла.



Яшчэ дапякалі ахоўнікі, якіх было, хіба, столькі ж, колькі і наведвальнікаў. Яны жорстка сачылі, каб з пітвом не адхадзілі далёка ад барнай стойкі (скрадзеш стакан), і не заходзілі на танцпляцоўку (заб’еш каго стаканам).



Ну і самая галоўная фішка першага дня фэсту – ніхто не ведаў лайн-апу.

Першапачаткова была задума падзяліць два танцполы на “мужчынскі” і “жаночы”. Па плане, на жаночым выступіў толькі беларускі гурт Akana-NHS, а далей узніклі праблемы з шнурочкамі і дэвайсамі да пультоў, якія былі патрэбны замежным ды-джэям, таму пачалася мешаніна. Паслядоўнасць выступоўцаў прыдумвалася на хаду. Даведацца, хто грае, лягчэй было, запытаўшы самога музыку.



Еўрарадыё, канешне, апазнала ўсіх. Але адзначыць хацелася б выступленне аўстрыйца Алоіса Хубера (Alois HUBER), які экспрэсіўна трос даўгімі валасамі за пультом, і падчас сэту 6 разоў змяніў стыль музыкі.



“Арганізатары папрасілі мяне зрабіць нешта “для людзей”, танцавальнае. Бо сярод выступаючых і так шмат тых, хто будзе граць зусім дзіўнае.

Спачатку я раззлаваўся: чаму танцавальны сэт? Я магу зрабіць круты эмбіант-сэт, без біту, без танцаў, без фану, толькі глыбокія эмоцыі... Але пасля пачаў рыхтаваць танцавальны сэт, падрыхтаваў палову, а другую палову рабіў на сцэне ў жывую”
– патлумачыў Еўрарадыё Алоіс Хубер.



Не сумняваемся, што кожны адзначыў свайго эксперыментатара. На тое і быў такі шчыльны, хоць і памяшаны, лайн-ап. Дарэчы, на другім дні фестывалю, у клубе FABRIQUE, ўсё было яшчэ больш шчыльна і незразумела. Але пра гэта заўтра у другім рэпартажы.



Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі